Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве хочуць пашырыць паўнамоцтвы войскаў на дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю


Сэйм Літоўскай Рэспублікі

Былы прэм’ер-міністар Літвы, а цяпер правадыр апазыцыі ў Сэйме заклікаў міністра ўнутраных спраў сысьці ў адстаўку. Ён лічыць, што ўрад дзейнічае ў справе мігрантаў недастаткова эфэктыўна.

Сьпікер Сэйму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што зараз надзвычайнае становішча ў Літве з прычыны міграцыйнага крызісу ня ёсьць неабходным. Паводле яе, у цяперашніх абставінах дастаткова рэжыму экстрэмальнай сытуацыі, абвешчанага ўрадам дзяржавы раней у памежных раёнах з Рэспублікай Беларусьсю. Яе словы прыводзіць агенцтва BNS.

«Лічу, што ня трэба сьпяшацца. Маем такую магчымасьць, але сёньня, думаю, рэжыму экстрэмальнай сытуацыі, які дзейнічае, дастаткова», — сказала Чмілітэ-Нільсэн.

Так яна адказала на прапанову Міністэрства ўнутраных справаў разгледзець магчымае ўвядзеньне надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю.

На думку палітыка, у якасьці магчымай альтэрнатывы гэтаму на пазачарговай сэсіі Сэйму, абвешчанай на наступным тыдні, павінны стаць папраўкі ў законы, якія пашыраюць паўнамоцтвы войскаў Літвы на дзяржаўнай мяжы.

Лідэр апазыцыі ў Сэйме Саўлюс Сквярняліс заклікаў міністарку ўнутраных справаў Агне Білатайце пайсьці ў адстаўку. Ён лічыць, што сярод кансэрватараў ёсьць іншыя людзі, якія могуць больш пасьпяхова справіцца зь міграцыйным крызісам, навязаным з боку Беларусі.

Пры гэтым канкрэтных імёнаў колішні прэм’ер-міністар Літвы пакуль не назваў. Рэакцыю Літвы на міграцыйны крызіс Сквярняліс апісаў як «непадрыхтаваную», ён лічыць, што ўрад не прыняў некалькі «своечасовых рашэньняў».

Агулам нерэгулярных мігрантаў, злоўленых літоўскімі памежнікамі сёлета, ужо 4090 чалавек. Гэта ажно ў 50 разоў болей за леташні паказьнік.

Напярэдадні ў Літве пацьвердзілі, што пачалі выконваць загад міністра ўнутраных справаў і вяртаць мігрантаў у Беларусь, транзытам празь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі.

Раніцай 4 жніўня Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца паблізу памежнага пункту ў Беняконях. Ён нібыта сканаў на руках беларускіх памежнікаў. Літоўскія службы заявілі, што прачыталі гэтую інфармацыю ў СМІ, а кіраўнік Міністэрства абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў гэтыя паведамленьні беларускага боку «правакацыяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG