Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціманоўская вылеціць у Польшчу 4 жніўня


Крысьціна Ціманоўская ўваходзіць на тэрыторыю польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 г.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на старшыню Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна.

Беларуская спартоўка схавалася ў амбасадзе Польшчы ў Токіё пасьля таго, як адмовілася ляцець з Алімпійскіх гульняў дадому, паведаміла група яе прыхільнікаў.

Спрынтэрка Крысьціна Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу. Яна раней адмаўлялася ад пералёту ў Менск, заявіўшы, што яе насуперак волі даставілі ў аэрапорт беларускія чыноўнікі, бо яна раскрытыкавала трэнэрскі штаб сваёй каманды.

«Яна прыляціць з Токіё наўпроставым рэйсам у Варшаву 4 жніўня, праз два дні», — сказаў старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін.

«Яна прыняла прапанову МЗС Польшчы у адказ на просьбу аб міжнароднай дапамозе, яна гэта зрабіла і сёньня атрымала польскую візу. Мы ў Фондзе дапамаглі ёй атрымаць білет у Варшаву», — сказаў Апейкін Reuters.

Крыніца ў Фондзе сказала, што Ціманоўская плянуе папрасіць прытулку ў Нямеччыне ці Аўстрыі ў панядзелак.

«Яна маладая спартоўка, пасьпяховая, і, відавочна, яна хацела б працягнуць кар’еру, таму ёй спатрэбіцца дапамога ў навучаньні і разьвіцьці», — сказаў Апейкін.

Ціманоўская прыбыла ў панядзелак у амбасаду Польшчы ў Токіё.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблонскі сказаў: «Магу пацьвердзіць, што мы выдалі гуманітарную візу. Магу пацьвердзіць, што мы будзем аказваць ёй усю неабходную падтрымку ў Польшчы, калі яна пажадае яе выкарыстаць».

Яе муж, Арсень Зданевіч, далучыцца да яе ў Польшчы, заявіў беларускі апазыцыйны палітык з Варшавы.

Палітык Павал Латушка сказаў, што прадстаўнікі беларускіх уладаў сказалі маці Ціманоўскай, нібыта яе дачка шпіёніла для заходніх урадаў.

Ціманоўская паведаміла яму праз смс, што да яе маці прыйшоў прадстаўнік уладаў і папрасіў угаварыць спартоўку вярнуцца дадому, — сказаў Латушка для Reuters.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG