Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Армэніі прызначыў Нікола Пашыньяна прэм’ер-міністрам


Нікол Пашыньян
Нікол Пашыньян

Прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісьян прызначыў Нікола Пашыньяна прэм’ер-міністрам краіны.

У лістападзе 2020 году, адразу пасьля таго як Пашыньян падпісаў пагадненьне аб замірэньні ў Карабаху з уладамі Азэрбайджану і Расеі, у Армэніі пачаліся пратэсты. Апазыцыйныя партыі заклікалі Пашыньяна пайсьці ў адстаўку.

Яшчэ адзін канфлікт узьнік пасьля таго, як у пачатку сакавіка Пашыньян некалькі разоў спрабаваў звольніць кіраўніка Генэральнага штабу Аніка Гаспар’яна. Вайскоўцы запатрабавалі адстаўкі прэм’ера ў адказ на звальненьне намесьніка начальніка Генэральнага штабу Тыграна Хачатр’яна, які раскрытыкаваў Пашыньяна пасьля яго словаў пра якасьць расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр». Патрабаваньне вайскоўцаў прэм’ер назваў спробай перавароту.

У сакавіку Пашыньян пагадзіўся правесьці ў краіне датэрміновыя выбары. У чэрвені партыя прэм’ер-міністра «Грамадзянская дамова» зь вялікім адрывам перамагла на датэрміновых выбарах у парлямэнт, набраўшы 53,92% галасоў. Блёк былога прэзыдэнта краіны Робэрта Качар’яна «Армэнія» — 21,04%.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам за Нагорны Карабах доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году аб’явіла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».

За пэрыяд узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль Узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.

  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з рэгіёну Карабаху і прызнаньня тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна важны горад Шуша (у армянскай традыцыі Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Паводле дамовы, за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі судакрананьня разьмешчаная міратворчая місія Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG