Армэнія абвінаваціла Азэрбайджан у парушэньні рэжыму спыненьня агню — нанясеньні ўдару па сваіх пазыцыях на паўночна-ўсходнім участку мяжы. У заяве, апублікаванай раніцай 28 ліпеня, Міністэрства абароны Армэніі адзначыла, што каля 3.40 паводле мясцовага часу злучэньні Ўзброеных сілаў Азэрбайджану «чарговы раз справакавалі парушэньне рэжыму спыненьня агню на паўночна-ўсходнім участку армяна-азэрбайджанскай мяжы».
«Разгарнуліся лякальныя баі, якія на 7 гадзін раніцы працягваюцца. Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку баявых дзеяньняў пацярпелі абодва бакі. Падрабязнасьці ўдакладняюцца. Уся адказнасьць за абвастрэньне сытуацыі ляжыць на вайскова-палітычным кіраўніцтве Азэрбайджану».
Пазьней армянскае міністэрства распаўсюдзіла наступнае паведамленьне:
«Перад перамовамі ў сталіцы Расеі Маскве праціўнік пачаў наступальныя дзеяньні на межах Рэспублікі Армэніі ад сяла Сотк да сяла Вэрын Шорж. Вядуцца інтэнсіўныя перастрэлкі».
Пазьней Міністэрства абароны Армэніі паведаміла, што двое армянскіх салдатаў параненыя, а інфармацыя пра яшчэ пяцёх правяраецца.
Міністэрства абароны Азэрбайджану абвінаваціла ў эскаляцыі сытуацыі Армэнію. У Баку заявілі, што падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Армэніі неўзабаве пасьля поўначы адкрылі агонь па пазыцыях азэрбайджанскіх войскаў, разьмешчаных у раёне Калбаджару, у выніку чаго паранілі дваіх азэрбайджанскіх салдатаў. Паводле афіцыйнага Баку, азэрбайджанскія сілы прымаюць «адэкватныя захады», а адказнасьць за эскаляцыю цалкам ляжыць на кіраўніцтве Армэніі.
Канфлікт у Карабаху
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
- Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.