Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан перадаў Армэніі 15 палонных у абмен на мапы мінных палёў


Адна зь вёсак Нагорнага Карабаху, люты 2021
Адна зь вёсак Нагорнага Карабаху, люты 2021

Перадача палонных адбылася пры падтрымцы Грузіі.

У абмен на прадастаўленьне Азэрбайджану мапаў 97 000 супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мінаў у Агдамскай вобласьці 15 затрыманых армянаў былі перададзены Армэніі на азэрбайджана-грузінскай мяжы з удзелам прадстаўнікоў Грузіі, паведаміла Міністэрства замежных спраў Азэрбайджану.

Ведамства падзякавала за падтрымку ўрад Грузіі на чале з прэм’ер-міністрам Іракліем Гарыбашвілі, а таксама дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена, выконваючага абавязкі памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіпа Рыкера, прэзыдэнта Эўрапейскай рады Шарля Мішэля і старшыні Швэцыі ў АБСЭ за ўнёсак у працэс.

Выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Армэніі Нікол Пашыньян, аднак, адзначыў, што мапы мінных палёў перадалі не ў абмен на палонных, гэта, паводле яго, быў проста крок у адказ.

Канфлікт у Карабаху

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» (Арцах па-армянску).
  • Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG