Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьліквідавалі дабрачынны фонд «Добра», які праводзіў конкурс Social Weekend


Каманда UNICard, якая стварыла картку, што прапаноўвае студэнтам зьніжкі ў розных крамах і ўстановах і ўдзельнічала ў конкурсе Social Weekend, 2019. Другая зьлева сябра Каардынацыйнай Рады, палітзьняволеная Алана Гебрэмарыям, якую асудзілі на 2,5 года
Каманда UNICard, якая стварыла картку, што прапаноўвае студэнтам зьніжкі ў розных крамах і ўстановах і ўдзельнічала ў конкурсе Social Weekend, 2019. Другая зьлева сябра Каардынацыйнай Рады, палітзьняволеная Алана Гебрэмарыям, якую асудзілі на 2,5 года

Менскі гарадзкі суд 30 ліпеня зьліквідаваў фонд «Добра», які праводзіў конкурс Social Weekend.

Менгарвыканкам, які выступіў пазоўнікам, не прывёў ніводнага прыкладу парушэньняў з боку фонду.

«Але ёсьць сакрэтны ліст, зь якім азнаёміцца нельга і пра што яно таксама. Ніяк. Бо грыф „сакрэтна“. Сутнасьць яго мы коратка даведаліся толькі ў выдадзеным праз тры гадзіны пасьля заканчэньня пісьмовым рашэньні. Вы людзі разумныя, здагадаецеся», — напісаў у фэйсбуку дырэктар фонду Аляксандр Скрабоўскі.

Як нагадвае Zеrkalo, Фонд «Добра» — гэта некамэрцыйная арганізацыя, якая працуе ў сфэры разьвіцьця сацыяльных інавацыяў, адказных і ўстойлівых практык вядзеньня бізнэсу. Ён вядомы ў першую чаргу як заснавальнік конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, а таксама студыі імпакт-праектаў Хаб/ЛАБ.

Social Weekend — найбуйнейшы конкурс сацыяльных праектаў у Беларусі. Ён існуе больш за сем гадоў. На конкурс можна было заявіць арыгінальную ідэю і атрымаць фінансаваньне для яе рэалізацыі.

  • Зь сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. Геаграфія зьліквідаваных уладамі ўстановаў ахапіла практычна ўсю Беларусь. На гэты момант вядома пра 57 арганізацыяў, закрытых несудовым чынам, яшчэ 20 спрабуюць ліквідаваць у судах.
  • Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Тым часам суды разглядаюць пытаньні аб ліквідацыі:

  • інфармацыйна-асьветніцкага фонду «Сетка разьвіцьця бізнэсу»;
  • мясцовага фонду разьвіцьця «Новая эканамічная стратэгія»;
  • грамадзкіх аб’яднаньняў — «Зялёная эканоміка»;
  • «Дыярыуш»;
  • «Абарона правоў спажыўцоў «Садружнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG