Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўска-беларускую мяжу пачаў патруляваць верталёт польскіх памежнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Польшча ў ліку іншых краін дапамагае Літве змагацца з вялікім патокам нелегальных мігрантаў, якія Беларусі бесьперашкодна прапускае на тэрыторыю Эўразьвязу.

Гелікоптэр польскай памежнай службы Kania (мадэрнізаваны Мі-2) пачаў патруляваньне літоўска-беларускай мяжы. Варшава праінфармавала агенцтва Эўразьвязу ў бясьпецы вонкавых межаў Frontex, што адпраўляе гелікоптэр з экіпажам і тэхнічным пэрсаналам, інфармуе Радыё Рацыя.

29 ліпеня ў Літву накіраваліся першыя патрулі польскай памежнай службы. У верасьні туды адправіцца яшчэ адна група памежнікаў з Польшчы, а таксама машына назіраньня з экіпажам. У цэлым плянуюць перакінуць 40 чалавек.

З пачатку 2021 году па 31 ліпеня літоўскія памежнікі перахапілі 3401 мігранта — гэта ў 42 разы больш, чым за ўвесь 2020. Дзённы рэкорд сёлета склаў 171 чалавек, менавіта столькі літоўскія памежнікі затрымалі 28 ліпеня.

Сярод затрыманых пераважаюць грамадзяне Іраку — 2212 чалавек. Пры многіх не было ніякіх дакумэнтаў. Большасьць затрыманых — 71,4% — мужчыны. Амаль чвэрць (24,8%) — непаўналетнія.

Урад Літвы напярэдадні даручыў Статыстычнаму дэпартамэнту краіны правесьці абсьледаваньне ў пытаньнях незаконнай міграцыі. Падчас яго будуць зьбіраць пэрсанальныя зьвесткі ўцекачоў, у тым імя, прозьвішча, грамадзянства і / або нацыянальнасьць, асабістае пасьведчаньне, дата нараджэньня, пол, узрост, адрас часовага пражываньня, зьвесткі аб тэставаньні і стане здароўя, зьвязаныя з дыягназам хваробы COVID-19, зьвесткі з запісаў вакцынацыі супраць COVID-19.

Улады Літвы неаднаразова вінавацілі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Менск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі ня толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Эўразьвязу.

На вайсковым палігоне ў Салечніцкім раёне ўзводзяць новае намётавае мястэчка. Гэтае месца на 1,5 тысячы людзей спрабуюць падрыхтаваць як мага хутчэй, бо памежнікі скардзяцца, што ім ужо няма куды зьмяшчаць мігрантаў.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ня выключыў увядзеньня надзвычайнага стану ў памежных зь Беларусьсю раёнах краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG