Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі заявіў, што сустрэча Байдэна і Ціханоўскай не ўплывае на сытуацыю ў Беларусі


Дзьмітры Пяскоў
Дзьмітры Пяскоў

Сустрэча прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і Сьвятланы Ціханоўскай не ўплывае на тое, што адбываецца ў Беларусі, заявіў, паводле агенцтва Інтэрфакс, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў.

Паводле Пяскова, кіраўнік Белага дому мае права сустракацца з кім захоча, Масква ў гэта ня ўмешваецца.

«Тут пытаньне адно — каго прадстаўляе спадарыня Ціханоўская, а з кім сустракаецца прэзыдэнт ЗША — гэта яго сувэрэннае права, і тут мы ня можам і не зьбіраемся і ня маем магчымасьці ніяк умешвацца. Гэта ня наша справа», — сказаў Пяскоў журналістам у пятніцу, камэнтуючы сустрэчу Байдэна з дэмакратычным лідэрам Беларусі.

На думку Пяскова, такога кшталту сустрэчы «не ўплываюць на сытуацыю ў Беларусі».

Сьвятлана Ціханоўская, якая ад 10 жніўня 2020 году знаходзіцца ў выгнаньні, сустрэлася з Джо Байдэнам 28 ліпеня. На сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі становішча ў Беларусі і далейшыя шляхі дапамогі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ў змаганьні з дыктатурай.

«Для мяне было гонарам сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай у Белым Доме гэтай раніцай. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўнівэрсальных правоў чалавека», — напісаў Байдэн 28 ліпеня ў твітэры.

Ціханоўская наведвае ЗША на афіцыйнае запрашэньне Дзяржаўнага дэпартамэнту. Лідэрка беларускай апазыцыі праводзіць перамовы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсмэнамі і сэнатарамі.

Візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША пачаўся 18 ліпеня. Яна мела сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартамэнце і Белым доме. Падчас сустрэч Ціханоўская заклікае ЗША:

  • узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці — праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятываў, студэнцтва, сем’яў палітвязьняў, мэдыя;
  • узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку праз скаардынаваныя з ЭЗ санкцыі супраць канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыцьцё шчылінаў для іх абыходу;
  • вінаватых у рэпрэсіях супраць беларусаў прыцягнуць да адказнасьці, паслаць Крамлю сыгнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;
  • ня весьці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, у тым ліку праз праграмы Сусьветнага банку і МВФ — у адпаведнасьці з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятым у сьнежні 2020 году;
  • уздымаць пытаньне Беларусі ў часе міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню і запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG