Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН вырашылі, што ў Алега Агеева беспадстаўна забралі адвакацкую ліцэнзію


Алег Агееў
Алег Агееў

Камітэт правоў чалавека ААН заклікаў Беларусь выплаціць кампэнсацыю і аднавіць адвакацкую ліцэнзію Алега Агеева.

Вядомы юрыст Алег Агееў як адвакат прадстаўляў інтарэсы Алеся Міхалевіча, кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 года. На наступны дзень пасьля галасаваньня палітыка арыштавалі супрацоўнікі КДБ па абвінавачваньні ў арганізацыі «масавых беспарадкаў».

У 2011 годзе Агееў распавёў журналістам пра ўмовы ўтрыманьня Міхалевіча ў зьняволеньні.

Пасьля гэтага Мін’юст Беларусі спыніў дзеяньне яго ліцэнзіі, заявіўшы, што ён «зьдзейсьніў правіну, несумяшчальную са званьнем адваката».

Пасьля гэтага рашэньня Мінʼюста Агееў падаў некалькі беспасьпяховых апэляцыйных скаргаў да ўладаў з патрабаваньнем адмяніць рашэньне. Пазьней ён зьвярнуўся ў Камітэт па правах чалавека.

29 ліпеня КПЧ ААН апублікаваў свае высновы пасьля разгляду скаргі адваката Алега Агеева (цяпер Агееў зьяўляецца намесьнікам старшыні ГА «БАЖ», а на момант падзей у 2010 і 2011 годзе працаваў адвакатам).

«Ясна, што спадар Агееў быў падвергнуты жорсткім і несправядлівым санкцыям толькі за тое, што ён выступіў у СМІ, а зрабіў ён гэта ў інтарэсах свайго кліента і для задавальненьня грамадзкіх інтарэсаў», — сказаў Арыф Булкан, сябра Камітэту ААН.

«Права на свабоду выказваньня меркаваньня гарантуецца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, і сытуацыя спадара Агеева не падпадае пад магчымыя выключныя абмежаваньні гэтага права», — дадаў Булкан.

«Акрамя таго, Агеева ніколі не апавяшчалі пра выстаўленыя абвінавачаньні і правядзеньне разглядаў супраць яго з боку Міністэрства юстыцыі. Ён не прысутнічаў на слуханьні і ня меў магчымасьці выступіць у сваю абарону. Незалежны і бесстароньні суд адмовіў яму ў справядлівым і публічным судовым разглядзе».

У сваім заключэньні КПЧ ААН заклікаў улады Беларусі прыняць адпаведныя захады для выплаты Агееву адэкватнай кампэнсацыі і аднаўленьня яго адвакацкай ліцэнзіі, а таксама не дапускаць паўтарэньня падобных парушэньняў у будучыні.

Алег Агееў пракамэнтаваў прынятае рашэньне Камітэта ў правах чалавека:

«Выкананьне рашэньня Камітэта па правах чалавека ААН у ідэале павінна быць дабраахвотным з боку дзяржавы. Але беларускія ўлады на працягу доўгага часу сьцьвярджаюць, што такія рашэньні міжнароднага органа носяць рэкамэндацыйны характар і адмаўляюцца іх выконваць дабраахвотна. Гэтая пазыцыя ўладаў не адпавядае нормам права», — падкрэсьліў Агееў.

Ён дадаў, што ў яго і ва ўсіх падобных выпадках беларускія ўлады павінны:

  1. пагадзіцца з тым, што парушэньне права па Пакту, якое прызнана ў дадзеным меркаваньні, устаноўлена ў адпаведнасьці з кампэтэнцыяй Камітэту, якую яно прызнала;
  2. прызнаць, што калі парушэньне маецца, то яно патрабуе прымяненьня належных сродкаў прававой абароны ў адпаведнасьці з пунктам 1 (а) артыкулу 2 Пакту;
  3. распачаць такія захады ў дачыненьні аўтара паведамленьня, а таксама ў агульным пляне і паведаміць пра гэта Камітэту.

«Будзем спадзявацца, што менавіта такі прававы падыход будзе прымяняцца да мяне і да ўсіх, парушэньне чыіх правоў усталяваў Камітэт па правах чалавека ААН», — сказаў Агееў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG