Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая праца ў Літве будзе зьвязаная зь Беларусьсю». Вядомы юрыст Сяргей Зікрацкі пакінуў краіну


 Сяргей Зікрацкі.
Сяргей Зікрацкі.

Галоўнай прычынай ад’езду Сяргей называе псыхалягічны стан, у якім апынулася ягоная сям’я пасьля падзей жніўня 2020 году.

Раніцай 3 траўня вядомы беларускі юрыст Сяргей Зікрацкі паведаміў аб сваім ад’езьдзе зь Беларусі.

У канцы сакавіка Сяргея пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, больш за месяц ён займаўся закрыцьцём уласнай юрыдычнай фірмы і працаўладкаваньнем былых супрацоўніц. У размове са Свабодай Сяргей расказаў пра прычыны ад’езду і найбліжэйшыя пляны на будучыню.

«Рэчаў насамрэч крыху больш, чым на апублікаваным фота, — гаворыць Сяргей Зікрацкі. — Я зьязджаў не адзін, мы выехалі ўсёй сям’ёй. Гэта я, мая жонка і двое малых дзяцей. Прычыны нашага ад’езду збольшага банальныя. Таму што мая сям’я вельмі няўтульна адчувала сябе тут, у Беларусі, са жніўня 2020 году. Калі бандыты з аўтаматамі бегалі па нашым двары, сьвяцілі ліхтарыкамі ў вокны. Пачынаючы з таго пэрыяду, псыхалягічнае напружаньне было даволі вялікае»

Сяргей Зікрацкі кажа, што яго сям’я была ў напружаным стане таксама і праз тое, якой дзейнасьцю займаўся ён сам. Пакуль у Сяргея была дзейная адвакацкая ліцэнзія, то ён магчымасьць зьехаць з краіны не разглядаў. Пасьля пазбаўленьня ліцэнзіі сытуацыя зьмянілася.

«Пасьля гэтага мы вырашылі зьяжджаць, — гаворыць Зікрацкі. — Пра пляны пакуль падрабязнасьцяў я расказаць не магу. Я атрымаў прапанову далучыцца да адной з ініцыятываў, якая займаецца праблемамі Беларусі. Я пагадзіўся на гэта, таму пераехаў у Літву. Пакуль я не агучваю падрабязнасьцяў, але гэта стане вядома неўзабаве. Мая праца будзе наўпрост зьвязаная зь Беларусьсю».

Сяргей зь сям’ёй пакуль жыве ў часовай кватэры ў Вільні, тут Зікрацкія будуць адбываць 10-дзённую ізаляцыю. А таксама вырашаць бытавыя пытаньні, шукаць больш зручную кватэру для сталага жыцьця.

«Для сваёй былой супрацоўніцы Алены, якой я шукаў працу ў першую чаргу, месца знайшлося, — расказвае Сяргей Зікрацкі. — Яна ўжо працуе. Першыя яе ўражаньні пазытыўныя, ёй падабаецца вельмі. Дзьве другія мае супрацоўніцы пакуль узялі паўзу, новага месца не шукаюць. Таму лічу, што пастаўленыя мной мэты дасягнутыя, кампэнсацыя супрацоўніцам выплачаная. Мой стары офіс закрыты цяпер».

Сяргей Зікрацкі таксама кажа, што ў Беларусі ён зарэгістраваны прадпрымальнікам, мае магчымасьць аказваць юрыдычныя паслугі. Ён спадзяецца, што зможа працягваць супрацоўніцтва з асноўнымі сваімі бізнэс-кліентамі дыстанцыйна.

«Мой ад’езд не для сталага пражываньня, — падкрэсьлівае Сяргей Зікрацкі. — Як толькі зьявіцца магчымасьць вярнуцца ў Беларусь, мы гэта адразу ж зробім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG