Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Зікрацкага выключылі з калегіі адвакатаў

абноўлена

Сяргей Зікрацкі

Ад сёньня Зікрацкі ня можа займацца адвакацкай дзейнасьцю. Хоць забраць ліцэнзію у яго пасьля няпройдзенай атэстацыі зьбіраліся толькі ў красавіку.

«Рашэньнем рады Менскай абласной калегіі адвакатаў ад 31 сакавіка я выключаны з калегіі адвакатаў. Цяпер я не магу ажыцьцяўляць адвакацкую дзейнасьць», — паведаміў Сяргей Зікрацкі парталу Tut.by.

Пра пасяджэньне аб выключэньні, прызначанае на 31 сакавіка, Зікрацкі пісаў у фэйсбуку 29 сакавіка.

«Даведаўся, што маё выключэньне з калегіі адвакатаў вырашылі паскорыць. У папярэдніх выпадках непраходжаньня атэстацыі калегія адвакатаў чакала, пакуль міністэрства спыніць дзеяньне ліцэнзіі, а толькі потым выключала адваката. Цяпер жа калегія адвакатаў вырашыла быць першай. Міністэрства юстыцыі маю ліцэнзію яшчэ не забрала, але пасяджэньне аб выключэньні мяне з калегіі адвакатаў заплянавана ўжо на 31 сакавіка».

Адвакаты ў Беларусі плянава праходзяць атэстацыю раз на 5 гадоў. Зрабіць гэта можна як у Кваліфікацыйнай камісіі ў Міністэрстве юстыцыі, так і ў тэрытарыяльных калегіях. Большасьць адвакатаў робіць гэта акурат у калегіях.

Сяргея Зікрацкага 24 сакавіка ў Міністэрства юстыцыі выклікалі на пазачарговую атэстацыю, бо чарговую ён мусіў праходзіць толькі ў 2023 годзе. Прычынай, па яго словах, сталі камэнтары ў СМІ.

Першы камэнтар быў дадзены парталу Onliner з нагоды візытаў міліцыянтаў у Новую Баравую. Другі выпадак датычыў камэнтару Зікрацкага пасьля прысуду Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Трэцяя прэтэнзія чыноўнікаў да Сяргея Зікрацкага датычылася паста ў фэйсбуку, які перадрукавала адно з выданьняў. На момант размовы ў Міністэрстве юстыцыі пост ужо быў выдалены. Але ў ім чыноўнікі нібыта ўбачылі заклік выходзіць на мірныя шэсьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG