Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 137 мігрантаў зь Беларусі, польскія— 5


Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы, 20 ліпеня 2021 году

Усяго з пачатку 2021 году на літоўскай мяжы затрымалі 3282 нелегальных мігрантаў.

Паводле памежнай службы Літвы, гэта ў 40 разоў болей, чым за ўвесь папярэдні год, калі незаконна перайшоў мяжу зь беларускага боку 81 іншаземец.

Сярод агульнай лічбы затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 2111 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 191 грамадзяніна Конга, 129 — Камэруну, 79 — Гвінэі, Расеі і іншых краін.

Усіх адправілі ў месцы часовага ўтрыманьня. Просьбы аб наданьні прытулку разгледзяць ва ўстаноўленым парадку. Учора памежная служба таксама перасяліла 380 мігрантаў у лягер на палігоне пад Руднікамі.

Тым часам польскія памежнікі за мінулы дзень затрымалі на беларуска-польскай мяжы 5 мігрантаў. 30 ліпеня падляскі аддзел польскай памежнай службы паведаміў, што ўсе затрыманыя іншаземцы (ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў) былі грамадзянамі Афганістану.

9 ліпеня Літва пачала будаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.

Цяпер на вайсковым палігоне ў Салечніцкім раёне ўзводзяць новае намётавае мястэчка. Гэтае месца на 1,5 тысячы людзей спрабуюць падрыхтаваць як мага хутчэй, бо памежнікі скардзяцца, што ім ужо няма куды зьмяшчаць мігрантаў.

«Маем зьвесткі, што ў Горадні цяпер знаходзяцца каля 2000 нелегальных мігрантаў, якія чакаюць перасячэньня мяжы. Ёсьць розная інфармацыя», — заявіў намесьнік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы палкоўнік Відас Мачайціс.

Улады Літвы неаднаразова вінавацілі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Менск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі ня толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Эўразьвязу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG