Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некантраляваны запуск рухавікоў расейскага модуля «Наука» парушыў арбіту Міжнароднай касьмічнай станцыі


 Модуль «Навука» перад стыкоўкай з МКС
Модуль «Навука» перад стыкоўкай з МКС

МКС часова адхілілася ад сваёй пазыцыі на арбіце з прычыны самазапуску рэактыўных рухавікоў на расейскім модулі «Наука», перадае Голас Амэрыкі.

Нацыянальнае агенцтва аэранаўтыкі і дасьледаваньня касьмічнай прасторы ЗША (NASA) адклала ў чацьвер запуск капсулы Boeing CST-100 ( «Старлайнэр») на Міжнародную касьмічную станцыю пасьля таго, як МКС на кароткі час адышла ад нармальнага становішча на арбіце. Гэта здарылася таму, што адвольна запусьціліся рухавікі сыстэмы кіраваньня на расейскім модулі «Наука», які ў чацьвер састыкаваўся са станцыяй.

Запуск «Старлайнэра» быў заплянаваны на пятніцу з Касьмічнага цэнтру імя Кэнэдзі ў Флорыдзе. Даставіць капсулу на арбіту плянавалі ракетаю Atlas V вытворчасьці Boeing Lockheed Martin Corp.

У заяве NASA гаворыцца, што касьмічнае агенцтва і кампанія Boeing вырашылі перанесьці дату запуску на 3 жніўня, у разе патрэбы можа быць і 4 жніўня.

З словаў Джоэла Монтальбана, мэнэджэра праграмы МКС у NASA, празь некалькі гадзін пасьля таго, як «Наука» састыкавалася са станцыяй, некалькі струменных рухавікоў, якімі абсталяваны модуль, «ненаўмысна» ўключыліся, у выніку чаго ўся МКС часова адхілілася ад звычайнага становішча на арбіце.

«Страта кантролю над арыентацыяй» касьмічнай станцыі з 7 чальцамі экіпажу доўжылася крыху больш за 45 хвілін, пакуль лётныя групы на Зямлі не аднавілі арыентацыю МКС, паведаміў Монтальбана ў размове з журналістамі.

Ён сказаў, што ў момант інцыдэнту станцыя адхілялася ад пункту выраўноўваньня прыкладна на паўградуса у сэкунду.

Сувязь з экіпажам, у складзе якога зараз два расейскія касманаўты, тры астранаўты NASA, а таксама японскі астранаўт і француская астранаўтка, двойчы гублялася, аднак «непасрэднай небясьпекі для экіпажу ня ўзьнікала», — сказаў Монтальбана.

Паводле прадстаўнікоў NASA, прычына няспраўнасьці рухавікоў сыстэмы кіраваньня модуля «Наука», дастаўленага да МКС расейскім касьмічным агенцтвам «Роскосмос», пакуль невядомая.

Монтальбана дадаў, што касьмічная станцыя ня мае бачных прыкметаў пашкоджаньня ў выніку інцыдэнту. Адыход МКС ад нармальнай арбіты выявілі аўтаматычныя чуйнікі на Зямлі, «экіпаж не адчуваў руху», удакладніў прадстаўнік NASA.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG