Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы багаты чалавек у сьвеце зьлётаў у космас на ўласнай ракеце


Прыватная амэрыканская кампанія Blue Origin упершыню ў сваёй гісторыі адправіла чалавека ў космас

Ракета New Shepard з прыватнай стартавай пляцоўкі ў Заходнім Тэхасе вывела ў субарбітальны палёт пілятаваную капсулу з чатырма астранаўтамі. Трансьляцыя вядзецца на канале кампаніі ў Youtube.

На борце карабля — самы багаты чалавек у сьвеце, уладальнік Blue Origin і заснавальнік інтэрнэт-крамы Amazon Джэф Бэзас. Яго багацьце ацэньваецца часопісам Forbes больш як у 200 мільярдаў даляраў.

Разам зь ім — 82-гадовая пілёт Уолі Франк. У 1961 годзе яе адабралі для палётаў у космас, але тады яна так і не паляцела. Франк — найстарэйшы чалавек, які бываў у космасе, да яе рэкорд належаў 77-гадоваму астранаўту Джону Глену.

18-гадовы Олівэр Дэймэн стаў самым маладым астранаўтам у гісторыі. Квіток яму саступіў бацька, галяндзкі мільярдэр Джос Дэймэн. Дэймэн-малодшы пабіў рэкорд Германа Цітова, які трымаўся са жніўня 1961 году. Савецкі касманаўт тады адправіўся ў космас ва ўзросьце 25 гадоў. У ролі чацьвёртага пасажыра выступіў брат Джэфа Бэзаса Марк (браты таксама ляцяць у космас упершыню ў гісторыі чалавецтва).

Праз 7 хвілін пасьля старту ракета, ужо бяз капсулы, вярнулася на касмадром. Мяркуецца, што яе будуць выкарыстоўваць шмат разоў. Капсула пасьпяхова прызямлілася праз 10 хвілінаў 20 сэкундаў палёту. Бэзас выйшаў з карабля ў каўбойскім капелюшы, пасьля чаго ўдзельнікі палёту адкаркавалі шампанскае.

New Shepard — ракета, прызначаная для кароткіх субарбітальных турыстычных палётаў. Падчас палёту пасажырская капсула аддзяляецца ад ракеты і ненадоўга перасякае лінію Кармана — умоўную мяжу космасу на вышыні 100 кілямэтраў.

Кампанія Blue Origin пачала распрацоўваць сыстэму для субарбітальных палётаў у 2006 годзе. З 2012 году ракета праходзіла выпрабаваньні. Першы прататып адпраўлены на арбіту ў 2015 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG