Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будзе азначаць дэфолт». Латушка — пра самы эфэктыўны ціск на рэжым


Павал Латушка

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва пераконвае дзяржавы, якія ўваходзяць у МВФ, заблякаваць трансфэр 950 мільёнаў даляраў крэдыту для Беларусі. Паводле Паўла Латушкі, заблякаваньне сродкаў запускае цэлы ланцуг наступстваў, які можа прывесьці нават да абвяшчэньня дэфолту.

У інтэрвію Свабодзе лідэр НАК расказвае, як гэта магчыма ажыцьцявіць і якія будуць палітычныя наступствы такога кроку.

Міжнародны валютны фонд разьмеркаваў дзяржавам-чальцам сумы адпаведна зь іх доляй у сусьветнай эканоміцы. Беларусі належыць 0,14%. Ня ўсе краіны ў МВФ падтрымліваюць агульнадэмакратычныя прынцыпы, таму палітыка ня мае ключавога значэньня ў прыняцьці такіх рашэньняў. Але Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва спрабуе пераканаць краіны – сябры МВФ, што ўпаўнаважаны прадстаўнік Беларусі з гледзішча права прадстаўляе нелегальную ўладу, а гэта, на думку НАК, робіць немагчымым пералічэньне грошай у Беларусь.



Паводле Латушкі, калі сёньня рэжым атрымае сродкі, яны будуць накіраваныя на ўзмацненьне рэпрэсіўнага апарату. Менавіта таму НАК і беларуская дыяспара спрабуюць пераканаць урады прыпыніць трансфэр, пакуль у Беларусі не адбудуцца перамены.

«Рашэньні прымаюцца для краіны. Яны прынятыя і для Беларусі, і для Вэнэсуэлы ці М’янмы. Але пытаньне ў іншым: ці прызнаюць дзяржавы – сябры МВФ легітымнасьць улады, якая ў гэты момант функцыянуе ў той ці іншай дзяржаве? Большасьць дзяржаваў МВФ не прызнаюць легітымнасьці ўрадаў М’янмы ці Вэнэсуэлы. Мы ведаем, што Эўрапарлямэнт, дзяржавы – сябры Эўразьвязу, ЗША не прызналі легітымнасьць Лукашэнкі ў выніку выбараў летась. Зыходзячы з гэтага, вельмі важна рэтрансьляваць гэтае рашэньне на рашэньне МВФ», — кажа Павал Латушка.

Як тлумачыць палітык, фармальна дзяржава атрымлівае разьмеркаваньне сумы ад МВФ, але ня можа атрымаць сам рэсурс, бо няма легітымнай улады, каб гэты рэсурс прыняць.

МВФ не падтрымлівае сувязі ні з кім, апрача чальцоў арганізацыі або адпаведных упаўнаважаных інстытутаў. Гэта агульнае правіла, і ў сілу яго дыялёг наўпрост паміж НАК і МВФ немагчымы. Таму каманда Паўла Латушкі працуе з краінамі, якія падтрымліваюць яе пазыцыю.

«Мы кажам аб прыцягненьні ўвагі канкрэтных чальцоў МВФ. Прадстаўнікамі гэтых краін там зьяўляюцца пераважна міністры фінансаў, кіраўнікі нацыянальных банкаў. Нашая мэта — дагрукацца да гэтых інстытутаў канкрэтных краін. Калі мы паглядзім на долю краін у сусьветнай эканоміцы, то краіны, якія не прызнаюць Лукашэнку ў якасьці прэзыдэнта, у агульным пакеце тых, хто галасуе ў МВФ, складаюць 56%. Толькі 13% прызналі яго ў якасьці прэзыдэнта. Большасьць краін МВФ не прызнаюць легітымнасьці ўлады ў Беларусі. Таму мы выкарыстоўваем нашыя сувязі ў МЗС гэтых краін, парлямэнтах, актыўна ўзаемадзейнічаем з нашай дыяспарай, якая вельмі актыўна дапамагае НАК у рэалізацыі гэтай мэты».

Каб пераканаць прадстаўнікоў краін у МВФ, НАК зьвярнулася ў Дзярждэпартамэнт ЗША, Кангрэс, да дзяржаваў — чальцоў Эўрапейскага Зьвязу. Павал Латушка атрымаў адказ ад парлямэнтароў Вялікай Брытаніі, якія ўжо паставілі пытаньне перад урадам Борыса Джонсана, каб Каралеўская Скарбніца заняла прынцыповую пазыцыю пры галасаваньні за пералічэньне гэтых сродкаў нелегітымнаму ўраду Беларусі. Каб заблякавала або каб прагаласавала супраць такога пералічэньня.

«У выпадку, калі МВФ прыме рашэньне аб замарожваньні правоў пазыкі для Беларусі і сума ня будзе пералічаная, гэта дае нам падставы ставіць пытаньне пра дэфолт для Беларусі. Бо ўмовай выпуску эўрааблігацыяў, якія ўрад Беларусі ў апошнія гады выпусьціў на 3 мільярды 250 мільёнаў даляраў, быў акурат доступ да рэсурсаў МВФ. Калі гэты доступ губляецца, калі ня будзе такой магчымасьці, тады ўзьнікае пытаньне дэфолту. Гэта будзе адзін з наймагутнейшых інструмэнтаў ціску і ўплыву на сёньняшні рэжым у краіне».

Паводле Паўла Латушкі, гэта адна з прычын, чаму рэжым дагэтуль не зьвяртаецца па дапамогу ў МВФ. Яны разумеюць, што пагроза неатрыманьня рэсурсаў запусьціць ланцуг падзей, прывядзе да неабходнасьці выплаціць крэдыторам прынамсі 3 млрд 250 млн даляраў, а таксама пагасіць даўгі перад іншымі крэдыторамі, кажа Латушка.

Ён зьвяртае ўвагу, што на гэтым тыдні Нікаляс Мадура ў Вэнэсуэле заявіў пра жаданьне перамоваў з Хуанам Гуайдо, якога краіны Захаду лічаць прадстаўніком легітымнай улады.

«Улада Мадуры не прызнаецца легітымнай, адпаведна Вэнэсуэла страціла магчымасьць атрымаць гэтыя рэсурсы. Адзін з фактараў, якія спрычыніліся да таго, што Мадура пайшоў на перамовы, — тое, што ягоны ўрад страціў магчымасьць атрымаць рэсурсы з боку МВФ. Разьмеркаваньне адбылося, але грошы ўраду не паступілі. Ёсьць таксама прэцэдэнт М’янмы. На падставе іх мы і рухаемся. Чавэс калісьці таксама хацеў ляснуць дзьвярыма і сказаць, што ён адмаўляецца ад супрацы з МВФ. Але пасьля зьмяніў думку. Бо адмова ад супрацы з МВФ прыводзіць да абавязку плаціць па ўсіх даўгах».

Павал Латушка кажа, што нават РФ ня можа выдзеліць рэсурсы Беларусі, бо расейскае заканадаўства забараняе даваць крэдыты тым, у каго ўзьніклі праблемы ва ўзаемаадносінах з МВФ і калі там абвешчаны дэфолт. А што дае дэфолт апанэнтам улады? Паводле лідэра НАК, гэта цэлы ланцуг захадаў узьдзеяньня на рэжым.

«Фінансавая сыстэма ня зможа функцыянаваць. Дзяржава ня зможа плаціць па даўгавых абавязаньнях, бо гэта неабходнасьць хутка знайсьці вялікія грошы на пакрыцьцё даўгоў. У нармальнай дзяржаве гэта прыводзіць да поўнай адстаўкі тых, хто выконвае функцыю выканаўчай улады. Для нас гэта стварае дадатковы інструмэнт ціску на нелегітымную ўладу. Магчыма, гэта адзін з самых эфэктыўных спосабаў ціснуць на ўладу ў бліжэйшай пэрспэктыве».

Апрача замарозкі трансфэру ад МВФ, Павал Латушка называе эфэктыўным спосабам уплыву на рэжым у Беларусі заблякаваньне крэдытных рэсурсаў, інструмэнтаў узаемадзеяньня з банкаўскім сэктарам, магчымасьці атрыманьня кароткатэрміновых крэдытаў і працы міжбанкаўскіх платных сыстэмаў, у тым ліку такіх, як Visa, Mastercard.

«Гэта павінен адчуць і дыктатар. Яго абслугоўвае цэлая флятылія паветраных суднаў, для якіх купляюць праграмнае, навігацыйнае забесьпячэньне. Увядзеньне санкцыяў на магчымасьць куплі гэтых праграмаў змусіць яго езьдзіць цягніком у Маскву або Сочы, куды ён толькі і можа езьдзіць. Або карыстацца рэгулярнымі авіялініямі „Белавія“. Гэта сымбалічны, але моцны псыхалягічны ціск на яго».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG