Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КДБ расказалі, у чым вінавацяць арыштаваных кіраўнікоў заводу Miory Steel


Мёры

Стала вядома, у чым вінавацяць затрыманае кіраўніцтва завода ў Мёрах, які замест Лукашэнкі ў чэрвені наведалі сілавікі.

Кіраўніцтва Мёрскага мэталяпракатнага заводу ўжо больш за месяц знаходзіцца пад арыштам. КДБ адказала на калектыўны ліст працаўнікоў заводу, у чым вінавацяць іх кіраўнікоў, паведамляе Zerkalo.io.

У пачатку чэрвеня работнікі Мёрскага мэталапракатнага заводу Miory Steel паведамлялі, што да іх нібыта павінен прыехаць Лукашэнка. Завадчане рыхтаваліся да яго візыту, аднак замест Лукашэнкі на завод прыехалі сілавікі. Па словах работнікаў заводу, некаторых супрацоўнікаў заводу пасьля ператрусаў павезьлі на допыт.

Пазьней высьветлілася, што за кратамі апынуліся генэральны дырэктар завода Пётр Шымуковіч, намесьнік гендырэктара па эканоміцы і фінансах Дзьмітры Слаўнікаў і кіраўнік савета дырэктараў Аляксей Кавалёнак. Зь імі затрымалі яшчэ некалькі чалавек, якіх пазьней адпусьцілі.

Работнікі прадпрыемства напісалі зварот у розныя інстанцыі — КДБ, ДФР, каб атрымаць інфармацыю пра затрыманых калегаў.

У лісьце, адпраўленым у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, работнікі назвалі затрыманьні памылкай.

«На нашым прадпрыемстве ніхто нічога ня краў, грошай у дзяржавы не прасіў. Мы напісалі, што арыштам кіраўніцтва нашай кампаніі нанесены іміджавы ўрон. Плюс завод без кіраўніцтва пастаўлены ў складаныя ўмовы. Сытуацыя адаб’ецца на работніках і іх семʼях, на горадзе ў цэлым. Пад зваротам падпісаліся, напэўна, усе работнікі прадпрыемства (на сайце завода паказана, што там працуе каля 600 чалавек)», — кажуць супрацоўнікі заводу.

2 ліпеня прыйшоў адказ на іх ліст з КДБ. Зь яго вынікае, што генэральнага дырэктара завода, намесьніка гендырэктара па эканоміцы і фінансах і кіраўніка савета дырэктараў прадпрыемства вінавацяць у «злоўжываньні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян або дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам». Пакараньне, прадугледжанае гэтым артыкулам, — пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў са штрафам або без, а таксама магчыма пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Таксама іх абвінавачваюць у саўдзеле ў злачынстве шляхам дапамогі ўхіленьню ад выплаты падаткаў, збораў, што пацягнула прычыненьне ўрону ў буйным памеры (пакараньне — абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю або без пазбаўленьня).

У адказе таксама сказана, што «падставаў для зьмены меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту ў дачыненьні да абвінавачаных ня маецца».

Яшчэ пяцёх работнікаў падазраюць у злоўжываньні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Іх 20 чэрвеня выпусьцілі з-пад варты.

Далей КДБ піша, што «выкладзеныя ў звароце довады аб непрычыненьні дзеяньнямі службовых асоб «ТАА „ММПЗ-груп“ шкоды дзяржаве прыняты пад увагу, падлягаюць усебаковай, поўнай і абʼектыўнай праверцы ў ходзе папярэдняга сьледзтва ў крымінальнай справе».

Сёньня працаўнікі прадпрыемства скардзяцца на абстаноўку на заводзе. Па іх словах, з 2 жніўня завод сыходзіць у прастой на адзін альбо некалькі тыдняў. Прычыны — невядомыя. Работнікі мяркуюць, што без кіраўніцтва стала больш складана весьці бізнэс.

Таксама на заводзе распавядаюць, што ў іх былі праблемы з выплатай заробкаў за мінулы месяц — грошы пераводзілі часткамі.

Miory Steel — прыватны завод па вытворчасьці мэталічнага ліста і белай бляхі. Будаўніцтва пачалося ў 2015 годзе і завяршылася ў 2020-м. Агульная плошча комплексу складае каля 300 тысяч кв.мэтраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG