Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу Калесьнікавай і Знака пачнуць разглядаць 4 жніўня ў закрытым рэжыме


Максім Знак і Марыя Калесьнікава падчас прэс-канфэрэнцыі ў штабе Віктара Бабарыкі. Менск, 14 ліпеня 2020 году

Пачатак у 11:00 у будынку суду Менскага раёну (Менск, вул. Маякоўскага, 119а). Сваякі і журналісты ня змогуць трапіць на гэты працэс.

Крымінальную справу Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака пачнуць разглядаць у Менскім абласным судзе 4 жніўня. Разгляд у закрытым рэжыме. Пастанову аб гэтым уручылі адвакатам 28 ліпеня, паведамляе прэсавая служба Віктара Бабарыкі.

Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады);
  • ч. 1 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы);
  • ч. 3 арт. 361-1 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).

Ім пагражае да 12 гадоў турмы.

Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

У верасьні ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт», а ў сьнежні — яшчэ адно, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне такім фармаваньнем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу).

Максіма Знака затрымалі 9 верасьня і абвінавацілі ў «закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК).

Раней у інтэрвію Deutsche Welle ён пракамэнтаваў сутнасьць абвінавачваньняў і ўласныя чаканьні ад меркаванага суду.

«У юрыстаў прынята камэнтаваць абвінавачаньне на публічным працэсе, каб любы незалежны назіральнік мог выснаваць уласную думку. На жаль, і гэта цяпер раскоша. У нейкім сэнсе мне пашанцавала, бо тэкст майго абвінавачаньня падобны да сцэнару галівудзкага блокбастэра, у якім дробнымі літарамі ў канцы пазначана: «заснавана на рэальных падзеях».

І ўсё ж я не магу зразумець: як, ведаючы ня толькі пра ўсе публічныя ўчынкі, а і пра кожную думку тых, хто працаваў разам са мной тым летам, можна выкладаць усё з дакладнасьцю да наадварот у дакумэнце, які накіраваны на зьмену жыцьця чалавека на пэрыяд да 12 гадоў? Самае сумнае, што, зыходзячы з сэнсу абвінавачваньня, экстрэмістамі можна лічыць усіх годных беларусаў, якія ўвайшлі ў Каардынацыйную раду, каб дапамагчы ў пераходзе да канструктыўнага рашэньня ў кантэксьце жніўня 2020 году».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG