Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская фэдэрацыя навукоўцаў: Кітай будуе яшчэ 110 ракетных шахтаў

Армія Кітаю
Армія Кітаю

Пэнтагон выказаў заклапочанасьць з прычыны нарошчваньня Кітаем ядзерных сілаў пасьля зьяўленьня дакладу пра будаўніцтва там 110 новых ракетных шахтаў.

Як паведамле «Голас Амэрыкі», Амэрыканская фэдэрацыя навукоўцаў апублікавала даклад, у якім са спасылкай на спадарожнікавыя фатаграфіі сьцьвярджаецца, што Кітай будуе новае поле шахтаў у раёне гораду Хамі ва ўсходняй частцы Сіньцьзяну.

Дакумэнт зьявіўся празь некалькі тыдняў пасьля іншага дакладу аб будаўніцтве каля 120 ракетных шахтаў у Юймэні — пустэльным раёне, разьмешчаным прыкладна за 380 кілямэтраў на паўднёвы ўсход.

«Ужо другі раз за два месяцы грамадзкасьць даведваецца тое, пра што мы ўвесь час казалі, — пра рост пагрозы, зь якой сутыкнуўся сьвет, і заслону сакрэтнасьці, якая яе акружае», — заявіла Стратэгічнае камандаваньне ЗША ў твіце са спасылкай на артыкул у New York Times, прысьвечаны дакладу Амэрыканскай фэдэрацыі вучоных.

Дзяржаўны дэпартамэнт у пачатку ліпеня назваў нарошчваньне ядзернага патэнцыялу Кітая трывожным, заявіўшы, што, мяркуючы па ўсім, Пэкін адыходзіць ад ядзернай стратэгіі, заснаванай на мінімальным стрымліваньні, якой ён трымаўся некалькі дзесяцігодзьдзяў.

XS
SM
MD
LG