Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ватыкане ўпершыню судзяць кардынала паводле абвінавачаньня ў махінацыях


Анджэла Бэчу

У Ватыкане пачаўся суд над кардыналам Рымска-каталіцкай царквы. Анджэла Бэчу абвінавачваюць у фінансавых махінацыях пры куплі нерухомасьці ў Лёндане.

Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Пад судовае пасяджэньне адведзена спэцыяльна абсталяваная заля ў адміністрацыйных памяшканьнях Ватыканскіх музэяў. Акрамя Бэчу, на лаве падсудных яшчэ дзевяць чалавек, сярод якіх былы сакратар кардынала, супрацоўнікі службы фінансавай інфармацыі Ватыкану, банкіры і фінансісты. Іх абвінавачваюць у растраце, карупцыі, адмываньні грошай і злоўжываньні службовым становішчам.

Скандал вакол фінансавых апэрацый Ватыкану, зьвязаных з купляй нерухомасьці за мяжой, грымнуў увосень 2019 году. Тады ватыканскія сьледчыя праверылі дакумэнты дзяржсакратарыяту і службы фінансавай інфармацыі.

У ходзе расьсьледаваньня высьветлілася, што Бэчу і яго супрацоўнікі датычныя да набыцьця элітнай нерухомасьці, у тым ліку за кошт ахвяраваньняў каталікоў з усяго сьвету. Усяго, паводле зьвестак сьледзтва, было патрачана ад 73 да 166 мільёнаў эўра.

На фоне скандалу Бэчу пайшоў у адстаўку і адрокся ад правоў, зьвязаных з санам кардынала. Пры гэтым абвінавачаньні ён адпрэчыў.

Паводле зьвестак СМІ, папа Рымскі Францішак пасьля скандалу вырашыў працягваць расьсьледаваньне. Журналісты адзначаюць, што Бэчу — першы за ўсю гісторыю Ватыкану кардынал, справу якога разглядае не касацыйны суд пад старшынствам іншага кардынала, а больш суворы ватыканскі трыбунал.

На фоне паведамленьняў пра фінансавыя махінацыі высокапастаўленых сьвятароў Ватыкан упершыню раскрыў зьвесткі пра сваю нерухомасьць. Высьветлілася, што Ватыкану належаць больш за пяць тысяч аб’ектаў, зь іх каля чатырох тысяч у Італіі, астатнія — за мяжой. У сьпіс не ўваходзяць будынкі дыпляматычных місій Ватыкану.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG