Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіўся суд над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым: слухаюць сьведак


Сьцяпан Латыпаў у судзе. Менск, 1 чэрвеня 2021 году.

27 ліпеня ў судзе Савецкага раёну Менску аднавіўся разгляд крымінальнай справы супраць палітвязьня Сьцяпана Латыпава.

10 чэрвеня ў судзе абвясьцілі перапынак на час правядзеньня стацыянарнай судова-псыхіятрычнай экспэртызы. Яе прызначылі пасьля таго, як 1 чэрвеня Сьцяпан Латыпаў у клетцы ў зале суда праткнуў сабе горла асадкай. Перад гэтым ён заявіў, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пагражалі завесьці крымінальныя справы на яго сваякоў і суседзяў, калі ён не прызнае віну.

27 ліпеня палітвязьня прышлі падтрымаць паўтара дзясятка чалавек, піша «Новы Час». На пачатку паседжаньня Латыпаў хацеў заявіць хадайніцтва аб абвяшчэньні перапынку для паўторнага азнаямленьня з матэрыяламі справы (у ноч на 1 ліпеня невядомыя асобы вынялі ўсе яго нататкі па справе і не вярнулі, цяпер у Сьцяпана на руках няма нават абвінавачаньня). Аднак судзьдзя спыніў яго і пачаў агалошваць вынікі экспэртызы: згодна з заключэньнем экспэрта ад 14.07 Латыпаў псыхічнымі захворваньнямі не пакутуе і можа абараняць свае правы ў судовым працэсе.

Потым першае хадайніцтва Латыпава судзьдзя ўсё ж такі адхіліў, бо падсудны ўжо знаёміўся з матэрыяламі. Яшчэ адно хадайніцтва ад Сьцяпана аб азнаямленьні з вынікамі экспэртызы суд таксама адразу не задаволіў, бо вырашыў зь ім азнаёміцца па ходзе паседжаньня.

У ролі пацярпелага выступіў супрацоўнік УУС Менгарвыканкаму, якога назвалі як Пятрова Аляксея Аляксеевіча.

Пятроў распавёў, што 15 верасьня ён нёс службу ля плошчы Перамен. У той дзень ад супрацоўнікаў камунальных службаў паступіла інфармацыя, што трэба надаць дапамогу ў прыборцы тэрыторыі — зафарбоўваньні. Міліцыянт убачыў чалавек 6 мясцовых жыхароў, якія заміналі гэта зрабіць. Падыйшлі, зрабілі заўвагу. Сярод жыхароў быў Латыпаў. Сілавікі папярэдзілі, што, калі людзі не адыдуць, будзе прыменена фізычная сіла і спэцсродкі. Пятроў распавёў, што Латыпаў упіраўся, замінаў затрыманьню. Тады яго ўзялі пад рукі, панесьлі, паклалі на асфальт. Астатнія людзі разышліся.

Пацярпелы міліцыянт сказаў, што з калегамі быў у форменным абмундзіраваньні. Грамадзянам не называўся. Гаворыць, што Латыпава несьлі чацьвёра: да яго з напарнікам пад’ехала яшчэ адна машына і зь яе на дапамогу прыйшлі двое супрацоўнікаў.

На пытаньне, ці лічыць Пятроў сябе пацярпелым, ён кажа, што не, ніякай шкоды яму нанесена не было. Судзьдзя зьвяртае ўвагу на супярэчаньні ў яго паказаньнях. Агалошвае пратакол допыту падчас сьледзтва ад 17 лютага 2021 года. Тады міліцыянт таксама распавёў, што калі супрацоўнікі прыехалі да муралу, Латыпаў прасіў іх назвацца і казаў, што патрабаваньні міліцыі незаконныя, і што ён нікуды ня сыйдзе.

Міліцыянты сказалі, што прыменяць спэцсродкі, але ён ня слухаў. У адказ на прымяненьне да яго прыёмаў дужаньня ён стаў упірацца, яго давялося несьці, але ён вырываўся і актыўна супраціўляўся. Потым, калі ляжаў на зямлі, працягваў супраціўляцца і варочацца з боку на бок.

Таксама з паказаньняў міліцыянта падчас сьледзтва: «Мне былі нанесеныя нязручнасьці маральнага характару — відэазапіс быў разьмешчаны ў інтэрнэце». А відэа, якое запісвалася на відэакамэру «Дазор», не захавалася.

На паўторнае ўдакладненьне судзьдзі, ці лічыць ён сябе пацярпелым, Пятроў ляканічна заявіў: «Было і прайшло». Матэрыяльных патрабаваньняў да Латыпава не выстаўляе.

Пасьля перапынку паказаньні агучыла сьведка — Кацярына Саенка — былая жонка Сьцяпана Латыпава.

Яна распавядае, што са Сьцяпанам пазнаёмілася ў 2017 годзе, ахарактарызаваць яго можа выключна станоўча: «Сьцёпа — самы лепшы чалавек, з адкрытай душой і добрым сэрцам», ён «шмат зрабіў для гэтай краіны». Пра абставіны справы Кацярыне Саенцы нічога не вядома.

Таксама сьведка кажа, што Сьцяпан ледзь не адзіны і лепшы ў краіне ў сваёй галіне, у яго было шмат замоваў, ён змагаўся са шкоднымі расьлінамі, ратаваў дрэвы.

Іншая сьведка Аліна Млынчык, вядучы інжынэр «Зелянбуда» таксама агучыла толькі станоўчую характарыстыку Латыпава.

Наступны сьведка — Максім Пілецкі, які працаваў намесьнікам дырэктара па тэхнічнай частцы ў фірме Сьцяпана Латыпава (ПУП «Беларба») у судзе распавёў пра працоўныя пытаньні.

Хто такі Сьцяпан Латыпаў

  • Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
  • Латыпаў 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
  • Яму зрабілі апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі са шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
  • Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG