Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць расьсьледаваць катаваньні Дзядка, Латыпава, Анішчука і іншых вязьняў


Адзін з пратаколаў агляду пабітага АМАПам чалавека
Адзін з пратаколаў агляду пабітага АМАПам чалавека

Сваімі дзеяньнямі ГУБАЗіК і іншыя сілавыя органы парушылі шэраг законаў і нормаў як беларускіх, так і міжнародных.

Беларуская праваабарончая супольнасьць патрабуе правесьці расьсьледаваньне па фактах катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да Мікалая Дзядка і іншых затрыманых, піша «Вясна».

«Заклікаем Генэральную пракуратуру і Сьледчы камітэт у сувязі з шакавальнымі падрабязнасьцямі прымяненьня супрацоўнікамі ГУБАЗіК катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, агучанымі Мікалаем Дзядком у судзе 1 ліпеня 2021 году, распачаць крымінальную справу, выявіць вінаватых ва ўжываньні катаваньняў і жорсткага абыходжаньня і прыняць меры па прыцягненьні іх да крымінальнай адказнасьці», — гаворыцца ў заяве.

Таксама праваабаронцы патрабуюць праверак і па іншых выпадках катаваньняў з боку ГУБАЗіК, у прыватнасьці, адносна Сьцяпана Латыпава, Івана Багдзевіча, Ігара Ярмолава, Аляксандра Мар’ясава, Давіда Слашчова, Віталя Шышлова, Арцёма Анішчука і іншых.

«Мы таксама чарговым разам патрабуем распачаць крымінальныя справы і правесьці эфэктыўнае і незалежнае расьсьледаваньне паводле фактаў масавых катаваньняў грамадзян, затрыманых у жніўні 2020 году, а таксама сьмерцяў удзельнікаў пратэставых акцый», — дадалі аўтары звароту.

Яны чарговы раз зьвярнулі ўвагу судзьдзяў, якія разглядаюць такія крымінальныя справы, што згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь доказы, атрыманыя з парушэньнем закону, ня маюць юрыдычнай сілы і ня могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачаньня.

Заява будзе адпраўленая ў Генпракуратуру, Сьледчы камітэт і Вярхоўны суд.

Яе падпісалі

  • Беларускі Хэльсынскі камітэт,
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
  • «Прававая ініцыятыва»,
  • Беларускі ПЭН-цэнтар,
  • БАЖ,
  • цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend,
  • Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар.

Дагэтуль супраць сілавікоў не было пачата ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і забойствы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG