Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь папрасіла ў ЭАЭС падоўжыць абнуленьне прывознага мыта на электрамабілі


Месца для зарадкі электрамабіляў у Менску, ілюстрацыйнае фота

Эўразійская эканамічная камісія апублікавала праект рашэньня аб нулявой стаўцы прывознага мыта на легкавыя аўтамабілі з электрычным рухавіком да 31 сьнежня 2023 году.

Такім чынам камісія можа падоўжыць дзеяньне нулявога мыта на імпарт электрамабіляў на тэрыторыю Эўразійскага эканамічнага саюзу яшчэ на два гады. Раней паведамлялася, што мыта можа вярнуцца ўжо ў пачатку наступнага году.

Як гаворыцца ў матэрыялах камісіі, на якія спасылаецца «Інтэрфакс», з такой ініцыятывай зьвярнулася Беларусь.

«На думку беларускага боку, увядзеньне прапанаванай меры будзе спрыяць стварэньню ўмоваў для фармаваньня рынку электрамабіляў у дзяржавах — сябрах саюзу як асновы для наступнага этапу разьвіцьця электрычнага транспарту — вытворчасці электрамабіляў, павелічэньню колькасьці аб’ектаў зараднай інфраструктуры, стымуляваньню ўжытку экалягічна чыстага аўтатранспарту для паляпшэньня абстаноўкі ў буйных гарадах», — тлумачыцца ў праекце рашэньня рады камісіі.

У Эўразійскім эканамічным саюзе ўжо дзейнічае нулявая стаўка імпартнага мыта для легкавых аўтамабіляў з электрычным рухавіком. Яна ўведзеная летась 16 сакавiка да канца 2021 году і пашыраецца на прывоз электрамабіляў як юрыдычнымі, так і фізычнымі асобамі.

Нулявая стаўка таксама дзейнічала з 15 верасьня 2016 году да 31 жніўня 2017-га, аднак кароткі пэрыяд не дазволіў дасягнуць заплянаваных вынікаў, адзначалі тады ў камісіі.

Паводле Дзяржаўтаінспэкцыі Беларусі, бязмытны прывоз электрамабіляў паспрыяў імкліваму росту колькасьці гэтага транспарту. Калі пяць гадоў таму ў краіне было прыклада 100 электрамабіляў, то цяпер лічба набліжаецца да 5 тысяч, а у канцы году плянуецца перасягнуць адзнаку ў 7,5 тысяч экалягічных легкавікоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG