Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны прокурор заявіў аб падрыхтоўцы звароту ў суд дзеля прызнаньня нацыянальнага сьцягу «экстрэмісцкім»


Нацыянальная беларуская сымболіка на пратэстах супраць Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота
Нацыянальная беларуская сымболіка на пратэстах супраць Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота

Генэральная пракуратура Беларусі працягвае рабіць захады, каб прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг «экстрэмісцкай сымболікай».

Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед паведаміў БелТА, што ягонае ведамства сабрала новыя пацьверджаньні таму, што бел-чырвона-белую сымболіку нібыта выкарыстоўвалі падчас Другой сусьветнай вайны карныя батальёны як абавязковы элемэнт уніформы.

«Мы завяршаем рыхтаваць матэрыялы для звароту ў Вярхоўны суд з мэтай прызнаньня гэтага палатна экстрэмісцкай сымболікай», — праінфармаваў кіраўнік Генэральнай пракуратуры.

З словаў Андрэя Шведа, у Беларусі выяўлена больш за 100 новых месцаў масавых пахаваньняў, у некаторых ляжаць 15-20 тысяч беларускіх грамадзянаў.

«Намі дапытана больш за 4 тысячы сьведак, выяўленыя прозвішчы больш за 400 карнікаў, якія жывуць у 13 краінах. Праца ў гэтым кірунку актыўна працягваецца сумесна са Сьледчым камітэтам, органамі ўнутраных справаў», — падсумаваў чыноўнік.

Ён таксама адзначыў, што страты ад нацысцкай акупацыі Беларусі ацэньваюцца прынамсі ў 500 мільярдаў даляраў. Паводле факту генацыду беларускага народу была распачатая крымінальная справа.

Важныя факты пра бел-чырвона-белы сьцяг

Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга распрацаваў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч Кляўдуш Дуж-Душэўскі не пазьней за 1917 год. Пад ім праходзілі беларускія акцыі ў 1917–1918 гадах, у тым ліку Першы Ўсебеларускі кангрэс, ён стаў сьцягам БНР.

  • 10–13 сакавіка 1917 году бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным элемэнтам сьвята «Дзень беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску. Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Дуж-Душэўскага, былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі.
  • 5 жніўня 1917 году на 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.
  • У сьнежні 1917 году ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі распачаў працу Першы Ўсебеларускі кангрэс.
  • 25–27 студзеня 1918 году бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваўся падчас Беларускай нацыянальнай канфэрэнцыі.
  • 19 лютага 1918 году, пасьля выгнаньня бальшавікоў, упершыню беларускі сьцяг узьняўся над будынкам губэрнатарскага палацу ў Менску .
  • 5 жніўня 1918 году Сакратарыят БНР зацьвярджае бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўны.
  • 11 жніўня 1918 году ў газэце «Вольная Беларусь» зьяўляецца першае апісаньне сьцяга. У артыкуле «Што трэба ведаць кожнаму Беларусу» (разьдзел VII «Сымбалі Беларусі») Вацлаў Ластоўскі піша: «Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-чырвоны. 3 гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак — белай, чырвонай і зноў белай».
  • У 1918 годзе друкуюцца паштоўкі зь дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі.
  • У сьнежні 1918 г. у Менск вярнуліся бальшавікі, урад БНР перабраўся ў Коўна, а потым у Прагу. Сьцяг Рады БНР 1920–1925 гадоў быў бел-чырвона-белы, дапоўнены дзьвюма вузкімі, праўдападобна, чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры.
  • У 1920 годзе бел-чырвона-белым сьцягам як нацыянальным і дзяржаўным карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча.
  • Факт існаваньня беларускага бел-чырвона-белага сьцяга перашкодзіў праекту Я. Гросвалдса, які прапаноўваў падобны сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі.
  • У пэрыяд з 1924 па 1927 год БССР фактычна ня мела адметнага дзяржаўнага сьцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 году, залю ў Менску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца зь пяцьцю бел-чырвона-белымі прамянямі.
  • У 1927 годзе бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваў нацыянальна-вызвольны рух у акупаванай Польшчаю Заходняй Беларусі.
  • У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).
  • Як сьведчыць распараджэньне райхсміністра акупаваных усходніх тэрыторыяў (14 чэрвеня 1944 г.), гэтае выкарыстаньне не было афіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі.
  • У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою.
  • 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назьве дзяржавы. У адпаведнасці з гэтымі законамі яна стала называцца Рэспублікай Беларусь, дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».
  • 20 ліпеня 1994 году пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
  • Сьцяг перастаў быць дзяржаўным пасьля ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму 1995 году, пасьля чаго стаў сымбалем пратэстаў супраць ягонага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG