Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандытарскага вытворцу «Слодыч» пакаралі за грэблівае стаўленьне да беларускай мовы


Гандлёвая марка "Слодыч", ілюстрацыйнае фота

Пракуратура і адміністрацыя Партызанскага раёну Менску накіравалі ў суд справу супраць службовай асобы кандытарскай фабрыкі «Слодыч» за неналежную працу са зваротамі грамадзянаў.

Заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігар Случак і Аліна Нагорная зьвярнуліся да кіраўніцтва менскай фабрыкі «Слодыч» з просьбай дадаць беларускую мову на пакункі з гатовай прадукцыяй — балазе ў самім брэндзе вытворца пазыцыянуе сябе менавіта па-беларуску.

"Моўныя інспэктары" Ігар Случак і Аліна Нагорная
"Моўныя інспэктары" Ігар Случак і Аліна Нагорная

Празь нейкі час заяўнікі атрымалі адказ па-расейску пра тое, што моўныя актывісты «сваёй беларускай мовай іх дыскрымінуюць», расказала Свабодзе Аліна Нагорная.

«...Обращением только на белорусском языке вы избавили возможности русскоговорящих сотрудников ОАО, ответственных за делопроизводство, получить информацию о сути просьбы на том языке, который они используют в повседневной жизни. Таким образом, русскоговорящая категория сотрудников — а это практически 100% — дискриминируется вами по языковому признаку, что нарушает ст. 17 Конституции Республики Беларусь», — гаворыцца ў фрагмэнце адказу за подпісам галоўнага тэхноляга Марыі Ярошкінай.

Ігар Случак і Аліна Нагорная абскардзілі грэблівы адказ у пракуратуру і адміністрацыю Партызанскага раёну Менску.

У выніку пракуратура абавязала кіраўніцтва «Слодыча» адказаць па-беларуску і прыцягнуць супрацоўніка да дысцыплінарнай адказнасьці, а раённая адміністрацыя склала пратакол і перадала справу ў суд. Абодва адказы зь дзяржведамстваў, адрозна ад прадпрыемства «Слодыч», падпрыхтаваныя на беларускай мове.

Адказ з пракуратуры Партызанскага раёну Менска
Адказ з пракуратуры Партызанскага раёну Менска

«У сувязі з выяўленымі парушэньнямі пракуратурай унесенае прадстаўленьне з патрабаваньнем даслаць вам адказ на беларускай мове, а таксама прыцягнуць службовых асобаў прадпрыемства да дысцыплінарнай адказнасьці. Упраўленьнем адукацыі Партызанскага раёну складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні (арт.10.16 КаАП) у адносінах прадстаўніка ААТ „Слодыч“. Справа накіраваная для разгляду ў суд», — праінфармаваў намесьнік пракурора Партызанскага раёну Максім Смаленскі.

У сваю чаргу кіраўніца справамі адміністрацыі Партызанскага раёну Карына Мікаялян паведаміла заяўнікам зь ініцыятывы «Ўмовы для мовы», што справа накіраваная ў суд Партызанскага раёну Менска на падставе арт. 3.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Адказ з адміністрацыі Партызанскага раёну Менска
Адказ з адміністрацыі Партызанскага раёну Менска

Ігар Случак і Аліна Нагорная — сямейная пара, заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы». У ліставаньнях з афіцыйнымі ведамствамі, дзяржаўнымі і камэрцыйнымі вытворцамі, спартовымі калектывамі заклікаюць да больш актыўнага выкарыстаньня беларускай мовы. Гэта тычыцца справаводзтва, маркіроўкі прадукцыі, нанясеньня прозьвішчаў на форме і г.д.

Для больш апэратыўнай камунікацыі нядаўна запрацаваў Случакбот.
Гэта пляцоўка, дзе можна знайсьці нормы заканадаўства, дакумэнты на беларускай мове, якія могуць спатрэбіцца кожнаму (даверанасьці, пазовы, дамовы і інш.). Тут жа акумулююцца звароты за родную мову.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG