Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэгіянальная газэта» прыпыняе выхад друкаванага выданьня


«Рэгіянальная газэта» паведаміла на сваім сайце, што прыпыніла выхад сваёй папяровай вэрсіі.

На сайце была апублікаваная абвестка:

Дарагія чытачы папяровай «Рэгіянальнай газеты»!

На жаль, нумару за 23 ліпеня зь незалежных ад рэдакцыі прычын вы не атрымаеце. Як і наступныя. Просім у вас прабачэньня і спадзяёмся на разуменьне сытуацыі.

Заўсёды ваша, «Рэгіянальная газета».

20 ліпеня 2021 г.

19 ліпеня ў газэце, як і ў многіх іншых у Беларусі, прайшоў ператрус.

Свабода са спасылкай на БАЖ паведамляла тады:

Супрацоўніцы «Рэгіянальнай газеты» Зоя Хруцкая і Настасься Уткіна не выходзяць на сувязь. Сьведкі паведамляюць, што ў рэдакцыі людзі ў цывільным, інфармуе БАЖ.

Таксама раніцай сілавікі прыходзілі дадому да галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча. Яго разам з жонкай павезьлі на допыт.

Толькі а палове на 19-ю стала вядома, што ператрус у рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» скончаны. Супрацоўнікі на волі, але пад падпіскай. Сілавікі забралі ўсю тэхніку.

Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году шэраг незалежных друкаваных выданьняў сутыкнуўся з праблемамі — ім адмаўлялі ў паслугах друкарні, а «Белпошта» выключала іх з падпісных каталёгаў.

З праблемамі друку і распаўсюду, ініцыяванымі ўладамі, сутыкнуліся «Народная воля», «БелГазета», «Свободные новости Плюс», «Комсомольская правда в Беларуси», «Газета Слонімская», «Брестская газета», «Новы час». Большасьць зь іх прыпынілі выхад у друкаванай форме і перайшлі ў інтэрнэт. Разам з тым працягваецца і перасьлед онлайн-выданьняў, напрыклад, Tut.by пазбавілі статусу СМІ, а цяпер могуць прызнаць матэрыялы парталу «экстрэмісцкімі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG