Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты наведалі журналістаў Алега Грузьдзіловіча і Іну Студзінскую ў турме на Акрэсьціна


Журналісты Алесь Дашчынскі, Інэса Студзінская і Алег Грузьдзіловіч

Візыты адвакатаў да Алега Грузьдзіловіча і Іны Студзінскай адбыліся толькі на шосты дзень пасьля затрыманьня журналістаў — да гэтага абаронцаў у ізалятар не дапускалі. Сваякі і сябры па-ранейшаму ня ведаюць, за што іх затрымалі і ў чым падазраюць. Адвакатаў да справы пакуль не дапусьцілі.

Жонкі палітвязьняў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і сястра Іны Студзінскай раніцай 22 ліпеня ўпершыню змаглі аддаць у ізалятар на Акрэсьціна перадачы для блізкіх. Вядома толькі, што перадачу атрымала Іна Студзінская, ці атрымалі гэтыя перадачы Алег Грузьдзіловіч І Алесь Дашчынскі, пакуль невядома. Адміністрацыя турмы адразу адмовілася прыняць некаторыя прадукты і вітаміны, а таксама кнігі для Алеся і Алега.

Раніцай 22 ліпеня адвакатка Алега Грузьдзіловіча ўпершыню наведала яго ў ІЧУ на Акрэсьціна.

«Трымаецца ён годна. Сьпіць на ложку на голым дрэве без матрацаў і бялізны, а пад галаву кладзе бутэльку з вадой», — сьцісла сказала адвакатка пра ўмовы ўтрыманьня Грузьдзіловіча.

Першы допыт Алега Грузьдзіловіча чакаецца толькі ў панядзелак 26 ліпеня. Да гэтага моманту адвакатка нічога не змагла сказаць пра сутнасьць падазрэньняў адносна яго.

Такая ж сытуацыя і з Алесем Дашчынскім, якога адвакатка змагла наведаць 21 ліпеня.

Упершыню пасьля арышту сьледчы Менскай гарадзкой управы Сьледчага камітэту дазволіў адвакату журналісткі Свабоды Іны Студзінскай наведаць і яе ў ізалятары.

Адвакат расказаў, што Іна Студзінская выглядае бадзёра і не губляе настрою. Высьветлілася, што яна не абвяшчала галадоўку, але адмаўляецца ад турэмнай ежы, бо тая кепская. Журналістка сьпіць на насьціле з дрэва, матрацаў і бялізны не выдаюць. Мэдычная дапамога Іне аказваецца. Сёньня ж яна атрымала перадачу ад родных.

Іна Студзінская перадае прывітаньні ўсім калегам і сваякам, ведае пра падтрымку.

16 ліпеня пасьля ператрусаў за кратамі апынуліся журналісты Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі і Іна Студзінская, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі. Да Дашчынскага адваката дапусьцілі 21 ліпеня, да Грузьдзіловіча і Студзінскай на дзень пазьней.

20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Грузьдзіловіча і Дашчынскага затрымалі на тэрмін да 10 дзён. У той жа дзень стала вядома, што Студзінская галадае на знак пратэсту.

Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць журналістаў. Усіх траіх прызналі палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG