Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 22 ліпеня: вобшукі ў жыхароў менскай Грушаўкі, арышты ў Пружанах


Меркаваны бус сілавікоў побач з офісам рэдакцыі «Наша ніва» падчас ператрусу. 8 ліпеня 2021

У Беларусі працягваецца перасьлед за выказваньне грамадзянскай пазыцыі, штодня адбываюцца арышты людзей і ператрусы ў іхных дамах. Свабода сочыць за падзеямі.

Арышты ў Пружанах

Берасьцейская «Вясна» паведаміла аб сама меней трох затрыманьнях 22 ліпеня ў Пружанах.
Вядома, што Ільлю Ільляшэвіча, Юрыя Папко і Анатоля Дзевянцейчыка выклікалі на раніцу ў мясцовы РАУС да ўчастковага Зюзіна С.А. як «асобаў, у дачыненьні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс».

Неўзабаве стала вядома, што іх ужо затрымалі і зьмесьцяць у ІЧУ.
Таксама знаёмая Дзевянцейчыка расказала, што Анатоль у аддзяленьні міліцыі патрабаваў выклікаць хуткую дапамогу, аднак яму адмовілі.
Усіх траіх ужо затрымлівалі 2 ліпеня. Тады яны правялі 3 дні ў ізалятары, адкуль іх адпусьцілі без пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Ператрусы ў Менску

У некалькі пад’ездаў вялікага дому на Чыгуначнай, 44 раніцай 22 ліпеня прыйшлі сілавікі ў цывільным адзеньні. Ходзяць зь ператрусамі па кватэрах, піша «Новы час».

Такія ж рэйды сілавікі ладзілі ўжо ва Ўруччы і ў доме на праспэкце Дзяржынскага, 119. Тады прыходзілі да тых, каго з палітычных матываў затрымлівалі раней.

У Менску затрымалі 28-гадовага Ўладзіслава Бохана. Праваабаронцы высьвятляюць падрабязнасьці.

Рэпрэсіі на Віцебшчыне

22 ліпеня раніцай у Докшыцах сілавікі прыйшлі зь ператрусам да Юрыя Стадольніка. Прычыны і дэталі пакуль невядомыя.

Паводле інфармацыі @belsat, у Глыбокім Кіру Кісялёву выклікалі ў аддзел крымінальнага вышуку Глыбоцкага РАУС.

Раніцай 22 ліпеня сілавікі зь ператрусам прыйшлі дахаты да журналісткі-фрылансркі Тацяны Смоткінай з Глыбокага, паведамляе «Радыё Рацыя». Пасьля 14-й гадзіны стала вядома, што ператрус у яе скончыўся. Забралі тэлефон і сыстэмны блок кампутара, ператрус праводзіўся ў рамках 1-й часткі артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне рэлігійнай, сацыяльнай варожасьці), яго праводзіла мясцовая міліцыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG