Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Помста за актыўную пазыцыю». Сталі вядомыя падрабязнасьці ператрусаў у Малінаўцы ў Менску


Меркаваны бус сілавікоў побач з офісам рэдакцыі «Наша ніва» падчас ператрусу. 8 ліпеня 2021 году
Меркаваны бус сілавікоў побач з офісам рэдакцыі «Наша ніва» падчас ператрусу. 8 ліпеня 2021 году

Маштабная апэрацыя з правядзеньнем ператрусаў разгарнулася ў «пратэставым» доме па праспэкце Дзяржынскага, 119 каля мэтро «Малінаўка» ў Менску. З мінулага тыдня туды прыходзяць сілавікі: людзі ў масках з заплечнікамі ходзяць па кватэрах і пад’ездах.

«Эўрарадыё» даведалася падрабязнасьці ад жыхара дому, у чыю кватэру прыйшлі сілавікі з ордэрам.

«20 ліпеня прыкладна а сёмай гадзіне раніцы пазванілі ў дзьверы, пачалі стукаць. У мяне дзьверы ў кватэру не ламалі, стукалі доўга і ўпарта, але сказалі, што калі б не адчыніў, то прыйшлі б з САХРам. Думаю, пужалі, — кажа мужчына. — Нібыта шмат да каго прыйшлі, вакол дома было шмат тыповых бусаў, шмат сілавікоў. Кажуць, што 150 ордэраў выпісалі на ператрусы».

У людзей у масках з сабой вялікія заплечнікі. Жыхары мяркуюць, што там прылады для адмыканьня дзьвярэй, якія жыхары ня хочуць адчыняць людзям у балаклавах і цывільным адзеньні.

«Пасьведчаньне паказвалі, але так, каб ня надта можна было прачытаць. Былі з пастановай аб ператрусе, падпісанай намесьнікам генэральнага пракурора. На ордэры я не бачыў пячаткі — ня ведаю, павінна яна там быць ці не, — кажа жыхар дому. — Артыкула, паводле якога быў ператрус, ці то 298 КК („Неналежнае выкананьне абавязкаў па ахове зброі“), ці то 289 („Акт тэрарызму“), я дакладна не разгледзеў. І хоць пазначаны такія артыкулы, але яны безупынна пыталіся пра сьцягі, шукалі нейкія сьцягі. Чаму прыйшлі да мяне — паняцьця ня маю. Раней нідзе не сьвяціўся, затрыманьняў не было».

Жыхары дому карыстаюцца камэрамі вонкавага назіраньня. Зь іхных словаў, празь нейкі час пасьля пачатку ператрусаў відэаназіраньне адключылі. Уключылі толькі тады, калі ўсё скончылася.

Ніжэй відэа зь месца падзеяў — пакуль камэры яшчэ працавалі.

«У якім я статусе — не ведаю. Падчас іхнага візыту мне нічога не абʼяўлялі — ці я падазраваны, ці сьведка, — працягвае мужчына. — Сканфіскавалі кампʼютары, як сказалі, „на экспэртызу“, ніякіх папераў на сканфіскаваную тэхніку не пакінулі. Ператрус чамусьці праводзілі супрацоўнікі з Заводзкага раёну. Прывезьлі мяне ў Маскоўскае РУУС, далі падпісаць папярэджаньне аб адказнасьці за ўдзел у экстрэмісцкіх групах і пратакол допыту. Дапытвалі на прадмет „ці ўдзельнічалі вы ў мітынгах“, „як ставісься да ўлады“, „ці ўваходзіш у экстрэмісцкія групы“.

Думаю, гэта помста за нашую актыўную пазыцыю ў першыя паўгода пасьля выбараў. У нас вельмі доўга была бел-чырвона-белая падсьветка ў падʼездах, на даху быў налеплены вялікі надпіс „Жыве Беларусь!“, былі дваровыя маршы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG