Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Амбасадары за мяжой — гэта адвакаты». Беларусь мае 58 амбасадаў: чым яны займаюцца


Амбасада Беларусі ў Армэніі, пад Ерэванам
Амбасада Беларусі ў Армэніі, пад Ерэванам

На сёньня Беларусь мае дыпляматычныя стасункі з 183 краінамі. Разьбіраемся, чым займаюцца дыпмісіі.

20 ліпеня Аляксандар Лукашэнка выказаўся за скарачэньне штату амбасадаў у Эўропе.

«Трэба вельмі сур’ёзна паглядзець на нашы прадстаўніцтвы ў Эўропе (…) Слухайце, ну навошта нам там трымаць кучу дыпляматаў, калі мы наогул зь імі не гандлюем, а палітычныя адносіны, дыпляматыя, яна ня проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве», — сказаў Лукашэнка.

Глядзім, а дзе наогул ёсьць беларускія дыппрадстаўніцтвы і чым яны займаюцца.

Згодна з інфармацыяй МЗС, Беларусь мае 58 амбасадаў, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы, 9 генэральных консульстваў і адно консульства. Чым жа займаюцца дыпмісіі?

«Штомесяц давалі справаздачы па гандлі»

Агулам, за мяжой дыпляматы займаюцца візавымі пытаньнямі, культурнымі імпрэзамі, арганізацыяй сустрэч, прадстаўляюць інтарэсы грамадзянаў сваёй краіны, дапамагаюць грамадзянам сваёй краіны.

Але адна з асноўных задач, якую ставяць перад дыпмісіямі, — наладжваць экспарт беларускіх тавараў.

У пэўныя часы амбасады мусілі нават даваць справаздачы штомесяц, цяпер штоквартал, прыгадвае былы дыплямат, аналітык Павал Мацукевіч.

«Калі ўрад узначальваў Сяргей Сідорскі, амбасадары мусілі даваць справаздачы штомесяц, па кожнай таварнай пазыцыі. Былі выпадкі, калі амбасадараў ці дарадцаў каралі за невыкананьне паказчыкаў па выніках, напрыклад, паўгодзьдзя, хоць потым паказчык выконваўся па выніках году. Дыплямат ня можа адказваць за рост і падзеньне экспарту, бо ён не кіруе таварнымі патокамі, ён асабіста нічога не вырабляе і не прадае», — тлумачыць Павал Мацукевіч.

«Амбасадар ня можа адказваць за падзеньне экспарту. Судзеяньне амбасады — гэта дапамога», — пацьвярджае былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня.

Прасоўваньнем экспарту займаюцца і амбасадары заходніх краінаў, аднак «яны ня ставяць заданьня, а прагназуюць сытуацыю» і «працуюць над стварэньнем спрыяльных умоваў», кажа Мацукевіч.

«Дыпляматы ня могуць адказваць за экспарт, гэта не ўласьцівая дыпляматыі функцыя», — сьцьвярджае Павал Мацукевіч.

Што дыпляматы робяць у краінах, зь якімі малы таваразварот

Напрыклад, у Аргентыне ёсьць амбасада Беларусі. Экспарт зь Беларусі ў гэтую краіну за год склаў 781,5 тысячы даляраў, імпарт — 95,9 мільёна даляраў. Для параўнаньня, экспарт у суседнюю Літву за мінулы год зь Беларусі — больш за 1 мільярд даляраў.

Беларусь мае амбасаду ў Кеніі, за студзень-травень у гэтую краіну экспартавалі тавараў на 600 тысяч даляраў, імпартавалі — на 5,2 мільёна даляраў. За гэты ж час у Польшчу прадалі тавараў на 764,3 мільёна даляраў, набылі ў Польшчы — на 470 мільёнаў даляраў.

Паводле Паўла Мацукевіча, не абавязкова адкрываць амбасаду там, дзе прадаюцца, напрыклад, трактары. Дастаткова адкрыць прадстаўніцтва заводу.

«У нас ёсьць амбасада ў Нігерыі, але няма амбасады ў Аўстраліі, закрываецца амбасада ў Канадзе. А гэтая краіна ўваходзіць у дзясятку эканомік сьвету. З пункту гледжаньня інвэстыцый, бізнэс-кантактаў гэтая краіна важнейшая, але мы ідзем туды, куды нас пускаюць», — кажа Павал Мацукевіч.

Паводле былога амбасадара Ігара Ляшчэні, амбасады ў Афрыцы адкрываліся як рэгіянальныя прадстаўніцтвы, бо яны акрэдытаваныя адразу ў некалькіх краінах.

«Была задача на экспарт. Лёгіка была ў тым, каб беларускія тавары былі запатрабаваныя на экспарт, гэта рэгіянальнае асваеньне кантынэнту», — кажа Ігар Ляшчэня.

Што можа зьмяніцца пасьля заяваў Лукашэнкі

Паводле Ігара Ляшчэні, з аднаго боку, гэтыя заявы зробленыя ў межах вобразу Беларусі як абложанай крэпасьці, супраць якой нібыта вядзецца гібрыдная вайна.

«Гэта канстатацыя рэальнасьці, бо заходняга напрамку зьнешняй палітыкі для Беларусі цяпер не існуе, значыць, стратэгію трэба мяняць. Раней такой жа канстатацыяй рэальнасьці была зробленая міністрам Макеем на Ўсебеларускім сходзе прапанова адысьці ад схемы разьмеркаваньня экспарту па формуле „траціна-траціна-траціна“ паміж прасторай СНД, Захадам і далёкім замежжам. Не ўдалося асвоіць альбо ўтрымаць рынкі за межамі СНД, і нарадзілася новая формула: палова экспарту — у СНД, і па чвэрці — на Захад і ў далёкае замежжа (Азія, Афрыка і Лацінская Амэрыка)», — кажа Ігар Ляшчэня.

З другога боку, гэта дэманстрацыя Захаду гатоўнасьці да доўгага супрацьстаяньня і разуменьне таго, што цяперашняе супрацьстаяньне — доўгатэрміновае.

Лукашэнка казаў пра карэкціроўку зьнешнепалітычнай стратэгіі для дыпляматаў, але «ніякай стратэгіі няма», пра гэта кажа Павал Мацукевіч.

«Адсутнічае сыстэмны падыход у прынцыпе. У Беларусі стратэгія сытуацыйная. Беларусі нічога не застаецца, апроч таго як круціцца на рынках Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амэрыкі. А без сур’ёзных інвэстыцый і заходніх тэхналёгій гэта не атрымаецца», — кажа Павал Мацукевіч.

Што да дыялёгу паміж амбасадарамі і заходнімі краінамі, то «ён вядзецца і цяпер».

«Задача любых дыпляматаў — прыгожа ўпакаваць і прадаць нават самыя непрыемныя рашэньні. Па сутнасьці, беларускія дыпляматы за мяжой — гэта адвакаты. Я шчыра не зайздрошчу сваім калегам, якія вымушаныя сёньня за межамі шукаць словы, каб апраўдаць падзеі ў Беларусі», — кажа Павал Мацукевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG