Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Пуціна прызнаў права Ўкраіны ўступіць у ЭЗ і NATO


Дзьмітры Козак

Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Козак, куратар тэмы расейска-ўкраінскіх адносін, у інтэрвію францускаму выданьню Politique International заклікаў Украіну і краіны Захаду «перагарнуць старонку» ў стасунках з Расеяй і прызнаць у анэксаваным Крыме статус-кво.

У той жа час, Козак сказаў, што Ўкраіна мае права ўступаць у замежнапалітычныя саюзы без аглядкі на пазыцыю Расеі.

Увесну сёлета, калі Кіеў і краіны Захаду былі занепакоеныя нарошчваньнем расейскіх войскаў у Крыме і каля межаў з Украінай, Козак заяўляў, што магчымы наступ Украіны на пазыцыі сепаратыстаў у Данбасе стане разбуральным для ўкраінскай дзяржавы.

Многія камэнтатары расцанілі ягоныя словы як пагрозу уварваньня расейскіх войскаў. У інтэрвію францускаму выданьню Козак заявіў, што мае на ўвазе пад разбуральнымі наступствамі «ня вонкавае ўмяшаньне, а ўнутрыпалітычную сытуацыю ва Ўкраіне».

На пытаньне аб расейскім ваенным умяшаньні Козак адказаў расплывіста: па яго словах, да абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе «абыякаваю ня будзе ня толькі Расея, але і ўся сусьветная супольнасьць».

Козак таксама заклікаў улады Ўкраіны весьці прамыя перамовы з кіраўніцтвам так званых «ДНР» і «ЛНР» пра ўвасабленьне ў жыцьцё менскіх пагадненьняў. Пры гэтым ён дапусьціў, што гэтыя пагадненьні могуць і зьмяніцца — калі абодва бакі з гэтым пагодзяцца.

Па словах Козака, «пазыцыя Масквы ў дачыненьні да ДНР і ЛНР застаецца нязьменнай», гэта значыць, што Расея афіцыйна не прызнае сэпаратысцкіх ўтварэньняў. Прадстаўнік Крамля сказаў, што Расея аказвае сэпаратыстам толькі гуманітарную дапамогу і адхіліў абвінавачаньні ў аказаньні вайсковай падтрымкі.

На пытаньне аб Крыме Козак сказаў, што яго абмеркаваньне «сёньня недарэчнае», а саму анэксію Расеяй Крыму неабходна разглядаць з пазыцый «гістарызму» як факт, які адбыўся. «Многія праблемы лечыць час», — заявіў ён.

Гаворачы аб магчымым уступленьні Ўкраіны ў ЭЗ і NATO, Козак сказаў, што гэта наўрад ці адбудзецца «ў агляднай будучыні». Пры гэтым ён заявіў: «У якія альянсы ўступаць — гэта выключнае сувэрэннае права Ўкраіны. Незалежна ад таго, выгадна гэта ці нявыгадна Расеі. Усё, што мы можам зрабіць у гэтых умовах — гэта растлумачыць наступствы для палітычных і эканамічных стасункаў з нашай краінай. З тым, каб выбар Кіева быў усьвядомлены».

Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова даваў зразумець, што гіпатэтычнае ўступленьне Ўкраіны ў NATO — гэта чырвоная рыса для Масквы. Абгрунтоўваючы анэксію Крыму, у 2014 годзе ён, у прыватнасьці, заяўляў, што Расея не магла дапусьціць стварэньня ў Севастопалі базы NATO. У нядаўнім артыкуле «Пра гістарычнае адзінства расейскага і ўкраінскага народаў» Пуцін заяўляў аб непрымальнасьці «вайсковага асваеньня» тэрыторыі Ўкраіны і яе ператварэньня ў пляцдарм для супрацьстаяньня Расеі. Ці азначаюць словы Козака нейкую зьмену афіцыйнай расейскай пазыцыі, пакуль незразумела, іншыя расейскія прадстаўнікі іх не камэнтавалі.

У Politique International апублікаваныя таксама інтэрвію з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком падтрыманых Расеяй сэпаратыстаў «ДНР» Дзянісам Пушыліным. Іх тэксты пакуль не апублікаваныя ў інтэрнэце. Паводле пераказу ТАСС, Зяленскі у інтэрвію заклікае краіны ЭЗ і NATO прыняць Украіну ў свае шэрагі, а Пушылін адмаўляе расейскую вайсковую прысутнасьць у Данбасе і кажа пра «праве на самавызначэньне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG