Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Эльжбета Радзівіл, князёўна аднаго з самых буйных і ўплывовых магнацкіх родаў у ВКЛ


Нясьвіскі палац, у якім некалі жылі Радзівілы

20 ліпеня на 104-м годзе жыцьця памерла Эльжбета Радзівіл (у замужжы Тамашэўская), паведамляе «Наша ніва» са спасылкай на яе сваяка Мацея Радзівіла.

Эльжбета Радзівіл — князёўна, дачка перадапошняга гаспадара Нясьвіскага замку Альбрэхта Радзівіла і ангелькі Дораці Паркер Дыкан (Dorothy Parker Deacon). Шлюб Альбрэхта Радзівіла з маці Эльжбеты быў нядоўгім, Эльжбета жыла з маці ў Парыжы і толькі часам адведвала бацьку ў Нясьвіжы, апошні раз — у 1935 годзе.

У розныя часы Эльжбета Радзівіл жыла ў Швайцарыі, Партугаліі, Ангельшчыне, шмат гадоў у Францыі. Апошнія гады – у Варшаве. Упершыню яна наведала незалежную Беларусь у 1993 годзе дзякуючы намаганьням прафэсара Адама Мальдзіса.

У траўні 2009 году князёўна прыехала ў Беларусь разам зь іншымі прадстаўнікамі роду Радзівілаў, падчас якога Радзівілы пабывалі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы, Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, а таксама ў Міры і Нясьвіжы.

У ліпені 2009 Эльжбета Радзівіл у суправаджэньні некалькіх прадстаўнікоў роду зноў наведала Нясьвіж. Для яе Нясвіскі палац быў домам.

«Гэта вялікая ганьба, што вы ў Беларусі не гаворыце па‑беларуску... Я адмыслова прыслухоўваюся ўжо колькі дзён... Ведаеце, калі б нас не пагналі адсюль у 1939‑м, я сёньня размаўляла б па‑беларуску. Бо мой бацька зь нясьвіжцамі размаўляў выключна па‑беларуску, — казала Эльжбета Радзівіл падчас прыезду ў Нясьвіж у ліпені 2009-га.

«Яе бацька быў ардынатам нясьвіскім і клецкім, уладальнікам 85 тысяч гектараў зямлі. Ён прымаў у Нясьвіжы двух кіраўнікоў Польшчы, прынца Манака, герцагаў і курфюрстаў. Яе прадзед вітаў у Нясьвіжы імпэратара Вільгельма ІІ, яны палявалі разам пад Давыд-Гарадком, адкуль задаволены імпэратар павёз дадому трох забітых мядзьведзяў і яшчэ колькі жывых медзьведзянят», — расказваў журналіст Глеб Лабадзенка.

Радзівілы — адзін з самых буйных і ўплывовых магнацкіх родаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVIII стагодзьдзях. Радзівілы на ўсім працягу гісторыі Польшчы i Беларусi займалі вельмі высокае становішча ў дзяржаве. Валодаючы вялізнымі маёнткамі, яны будавалі крэпасьці, трымалі рэгулярнае войска і карысталіся правамі ўдзельных князёў.

«Амаль сем стагодзьдзяў налічвае гісторыя роду. Агромністыя палацы ў дзевяці эўрапейскіх краінах. Роднасныя сувязі з многімі каралеўскімі родамі, больш за 45 сэнатараў, канцлераў, ваяводаў, маршалкаў... Іх называюць некаранаванымі каралямі. Гэтая сям’я стала для Беларусі мітам магутнасьці, заможнасьці, непатапляльнасьці й чараўніцтва», — кажа пра род Радзівілаў культуроляг Вячаслаў Ракіцкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG