Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меркаваньне: Арышт рахункаў плятформы «Имена» — гэта масавае забойства


Заснавальніца мэдыяплатформы «Имена» Кацярына Сінюк (справа) у офісе, архіўнае фота

Цяперашняя Беларусь — гэта новая Спарта, у якой няма месца слабейшым. Новае таму пацьверджаньне —​ арышт рахункаў мэдыяплатформы «Имена».

Гадамі яна, насуперак непаваротлівасьці і абыякавасьці дзяржаўных сыстэм, падтрымлівала самых розных людзей — пацярпелых ад хатняга гвалту, дзяцей і дарослых з рознымі відамі інваліднасьці, бяздомных, дзяцей, што засталіся без бацькоў. «Имена» ратавалі і паляпшалі жыцьцё тым, на каго дзяржаве было напляваць.

Але цяпер гэтая самая дзяржава перайшла на новы ўзровень. Ёй больш ня ўсё адно. Раней яна проста адмаўлялася дапамагаць «недастаткова пэрспэктыўным» грамадзянам, а цяпер вырашыла іх забіць, пазбавіўшы апошняй дапамогі.

Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: блякіроўка праекту «Имена» — гэта масавае забойства.

Я стараюся асьцярожнічаць з фармулёўкамі і быць карэктнай, але калі ўладам стала настолькі не да законаў, мне, напэўна, мусіць стаць не да карэктнасьці. Бо не ўяўляю, як карэктна апісваць дзейнасьць тых, хто цяпер ладзіць свой уласны «натуральны адбор» у Беларусі.

Гэта ж зрабіла не абстрактная сыстэма, а нейкія канкрэтныя людзі. Хтосьці распарадзіўся арыштаваць рахункі, а хтосьці выканаў гэтае распараджэньне. Так жа сама, як хтосьці забраў раней апарат для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх зь дзіцячага госьпісу, хтосьці распачаў крымінальныя справы, катаваў і судзіў палітзьняволенага падлетка з эпілепсіяй Мікіту Залатарова, хтосьці адправіў у турму па палітычнай справе мужчыну з разумовай адсталасьцю Дзьмітрыя Гопту.

Усё гэта рабілі людзі, якія вырашылі, што маюць права ня проста абстрактна дзяліць людзей на вартых і нявартых, а канкрэтна паказваць пальцам на тых, каго, як яны лічаць, трэба пазбавіць права на мэдычную дапамогу і, як наступства, права на жыцьцё.

Ужываньне слова «забойства» ўжо зусім не выглядае сродкам мастацкай выразнасьці. Я ня думаю, што можна неяк інакш назваць працэс сыстэмнага наўмыснага пазбаўленьня людзей жыцьцёва неабходнай дапамогі.

Што будзе без праекту «Геном», які дапамагае сем’ям з дзецьмі з рэдкай генэтычнай хваробай СМА, пераехаць у Польшчу, каб атрымаць лячэньне, у якім адмаўляюць улады ў Беларусі? Дзеці будуць паміраць. Што будзе бяз пошукавага атраду «Анёл», які займаецца пошукам зьніклых? Людзі будуць паміраць. Без патранажнай службы ў рэгіёнах, без выязной службы беларускага дзіцячага госьпісу, без праекту «Няня замест мамы» людзі будуць паміраць.

І ўлады, якія ад пачатку адмаўляліся клапаціцца пра гэтых людзей, а цяпер адразаюць ім літаральна апошнія нітачкі да дапамогі, цудоўна ўсё ведаюць і разумеюць. Але іх не хвалюе што нехта памрэ, бо цяпер у Беларусі дапушчальнай лічыцца толькі тая дзейнасьць, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Каб аказацца ў сьпісе злачынцаў, больш ня трэба быць непасрэдна зьвязанымі з пратэстамі. Дастаткова проста не выказваць адкрытай падтрымкі Лукашэнку і ня радавацца публічна катаваньням.

Я, вядома ж, разумею, што ў гаворцы пра Беларусь у 2021 годзе спасылкі на Канстытуцыю — гэта кепскі тон, але ўсё ж спашлюся. Артыкул 21 кажа: «Кожны мае права на годны ўзровень жыцьця, у тым ліку дастатковае харчаваньне, адзеньне, жыльлё і пастаяннае паляпшэньне неабходных для гэтага ўмоў». Зрэшты, калі абаронцы рэжыму Лукашэнкі лічаць людзьмі толькі сваіх аднадумцаў, дык усё лягічна.

Нелягічна толькі, што фашысты ўсё адно мы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG