Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Mastercard сабралася закрыць брэнд Maestro. Гэта закране і беларусаў


Міжнародная аплатная сыстэма Mastercard уступіла ў перамовы з нацыянальнай плацежнай сыстэмай Беларусі «БелКарт» пра закрыцьцё брэнду Maestro.

Крыніцы выданьня «Коммерсантъ» на фінансавым рынку тлумачаць гэта плянамі Mastercard спыніць разьвіцьцё брэнду ва ўсім сьвеце.

У Беларусі карты Maestro прапаноўваюцца ў рамках кабэйджынгавых праграм, на якія ў краіне прыпадае 10% картак, эмітаваных міжнароднымі аплатнымі сыстэмамі.

  • Кабэйджынгавая карта — гэта банкаўская карта, якая выпускаецца адначасова ў дзьвюх аплатных сыстэмах. Яна можа дзейнічаць у абедзьвюх сыстэмах на аднолькавых умовах.

Карты Maestro маюць статус дэбетавых, або перадаплочаных, брэнд быў выведзены на рынак у 1990 годзе.

Як высьветліў «Коммерсантъ», Mastercard прыйшла да высновы аб тым, што падтрымліваць на рынку адразу два брэнды досыць накладна, асабліва ў сытуацыі, калі другі брэнд не прыносіць вялікага прыбытку.

Акрамя таго, камісіі па картах Maestro нізкія, таму разьвіваць іх нявыгадна банкам. Як загана разглядаецца і тое, што картамі Maestro не расплочваюцца ў інтэрнэце, а плацежныя сыстэмы сёньня разьвіваюць акурат гэты кірунак.

Да гэтага часу актыўна выпускала карты Maestro плацежная сыстэма Белкарт. У 2020 годзе іх было выпушчана больш за 1,8 млн штук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG