Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук прадстаўляўся міліцыянтам, каб забіраць у людзей грошы і карткі


Фота: прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў
Фота: прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі 32-гадовага менчука, які пад выглядам міліцыянта абшукваў людзей, а пасьля прысвойваў іхнія грошы і банкаўскія карткі. Пацярпелыя самі называлі ілжэправаахоўніку пін-коды ад картак, піша прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Наведнік менскага чыгуначнага вакзалу распавёў міліцыянтам, што затрыманы падышоў да яго, прадставіўся міліцыянтам і паказаў дакумэнт, які нагадвае службовае пасьведчаньне. Ілжэміліцыянт сказаў, што мужчына падобны на злачынцу, які знаходзіцца ў вышуку і стаў даглядаць яго рэчы. Ілжэміліцыянт забраў у мужчыны грошы і банкаўскую картку. Зламысьнік папрасіў назваць пін-код карткі нібыта для ідэнтыфікацыі яе ўласьніка. Калі асабістыя зьвесткі ілжэміліцыянт «праверыў па базе», падазраваны паклаў картку ў гаманец пацярпелага. Пазьней выявілася, што зламысьнік незаўважна замяніў картку пацярпелага на іншую.

Апэратыўнікі высьветлілі, што падобную схему затрыманы выкарыстоўваў каля месяца. Ужо ўсталявалі некалькі ахвяраў. Праваахоўнікі ня выключаюць, што падманутых людзей можа быць больш. Пацярпелых просяць зьвяртацца па тэлефоне 102.

Раней затрыманы мянчук прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за крадзяжы.

Міністэрства ўнутраных спраў нагадвае, што:

  • нельга перадаваць свае банкаўскія карткі іншым асобам;
  • нельга перадаваць іншым пін- і cvv-коды, тэрмін дзеяньня карты і імя яе ўласьніка;
  • неабходна захоўваць у сакрэце свой пін-код і не пісаць яго на саміх картках ці паперах, якія захоўваюцца з картай;
  • неабходна падлучыць смс-апавяшчэньне пра праведзеныя апэрацыі па карце.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG