Паводле зьвестак выданьня 47news, дом разьмешчаны ў закінутым пасёлку ва Ўсеваложаскім раёне.
Камэры абсталяваныя двух’яруснымі ложкамі, унітазамі і рукамыйнікамі. Краты замыкаюцца на замкі, аналягічныя тым, якія знаходзяцца ў СІЗА «Крыжы» ў Санкт-Пецярбургу. У падземным бункеры калісьці працавала сыстэма відэаназіраньня, знаходзіўся пункт аховы. Уваход у яго перакрывала бэтонная пліта, якую апускалі з дапамогай гідраўлічнай устаноўкі.
Тэрыторыя катэджа абгароджаная трохмэтровым плотам. Выданьне адзначае, што зьверху мэталічныя лісты агароджы ўсталяваныя пад вуглом унутр, каб было «больш складана з-за яе выбрацца». На ўчастку таксама была лазьня з лазам, які вядзе да печы памерам з чалавека. Гэтае памяшканьне падобнае на крэматорый.
47news высьветлілі, што адным з уладальнікаў дома зьяўляўся былы начальнік апэратыўнай часткі сьледчага ізалятару № 4 Рэнат Алімзанаў. Ён памёр у 2018 годзе. Апроч яго, катэджам у розны час валодалі дачнае некамэрцыйнае партнэрства, кампаніі, якія займаліся фінансавымі паслугамі, будоўляй і нерухомасьцю, а таксама чалавек зь некалькімі судзімасьцямі. Хто менавіта пабудаваў камэры, невядома.
Журналісты падкрэсьліваюць, што праваахоўныя органы ведаюць пра гэты «таямнічы дом». Супрацоўнікі Сьледчага камітэту паўтара года вывучалі катэдж: «перакапалі на ўчастку ўсё, што можна перакапаць, апыталі і вывучылі ўсіх, каго толькі можна вывучыць». Цяпер дом знаходзіцца ў разбураным стане.