Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН запатрабавала неадкладнага вызваленьня затрыманых у Беларусі


Мішэль Бачэлет
Мішэль Бачэлет

Ператрусы ў праваабарончых арганізацыях і затрыманьні праваабаронцаў сьведчаць аб пагардзе беларускіх уладаў да сваіх абавязаньняў у сфэры правоў чалавека, заявіла вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачэлет. Пра гэта інфармуе DW.

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет выказала глыбокую трывогу з нагоды падзеяў у Беларусі, дзе сілавікі правялі дзясяткі ператрусаў у офісах і дамах актывістаў-праваабаронцаў і журналістаў.

У распаўсюджанай у чацьвер, 15 ліпеня, у Жэнэве заяве Бачэлет расцаніла такія дзеяньні як недапушчальныя рэпрэсіі.

«Я глыбока занепакоеная апошнімі падзеямі ў Беларусі, дзе ў сераду сілы бясьпекі распачалі дзясяткі рэйдаў у офісы і дамы актывістаў-праваабаронцаў і журналістаў, і шэраг людзей, як паведамляецца, затрымалі, — гаворыцца ў заяве. — Падобныя рэпрэсіі зьяўляюцца абсалютна недапушчальнымі».

Паводле вярхоўнага камісара ААН, падзеі серады «зноў сьведчаць пра абуральную пагарду беларускіх уладаў да сваіх абавязаньняў у адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам у сфэры правоў чалавека».

Бачэлет нагадала аб сваіх неаднаразовых папярэджаньнях з нагоды «пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі», заклікаўшы Менск «спыніць палітыку запалохваньня і перасьледу грамадзянскай супольнасьці і супрацоўнікаў СМІ». «Тыя, хто ўсё яшчэ затрыманыя, мусяць быць неадкладна вызваленыя», — запатрабавала Бачэлет.

У сераду і чацьвер беларускія сілавікі правялі ператрусы ў многіх праваабарончых арганізацыях, сярод якіх, у прыватнасьці, цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Згуртаваньне беларусаў свету «Бацькаўшчына», аб’яднаньне «Гавары праўду», «Грамадзянскі форум». Некалькі вядомых праваабаронцаў затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG