Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончыя арганізацыі прызналі 12 новых палітвязьняў, сярод іх сябры «Вясны» і грамадзкія актывісты


Адзін з палітвязьняў Алесь Бяляцкі

Агулам у Беларусі па стане на 15 ліпеня палітвязьнямі прызнаныя 566 чалавек.

14 ліпеня па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы, допыты і затрыманьні праваабаронцаў, журналістаў, грамадзкіх актывістаў, сябраў некамэрцыйных арганізацый.

Ператрусы прайшлі ў офісах Праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, грамадзкай арганізацыі «Имена», Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend, руху «За свабоду», Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC, арганізацыі «Гендэрныя ініцыятывы», Беларускага Хэльсынскага камітэту, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Партыі БНФ, АГП, «Тэрыторыі правоў», ПЭН-цэнтру і іншых.

Пасьля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадзкія дзеячы і актывісты, якія рашэньнем праваабарончай супольнасьці прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Агулам новых палітвязьняў 12 чалавек:

  • Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»
  • Уладзімір Лабковіч, юрыст «Вясны»
  • Валянцін Стэфановіч, сябра рады «Вясны»
  • Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
  • Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
  • Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
  • Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»
  • Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»
  • Яўгенія Бабаева, праваабаронца
  • Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band
  • Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку
  • Сяргей Мацкевіч, цэнтар «Супольнасьць»

«Відавочна, што матывам іх перасьледу ёсьць праваабарончая і грамадзкая дзейнасьць: прасоўваньне міжнародных стандартаў правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў, дзеяньні ў абарону права на жыцьцё, свабоду слова, мірных сходаў і асацыяцыі, права на справядлівы суд і свабоду ад катаваньняў», — гаворыцца ў супольнай заяве беларускіх праваабаронцаў.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што перасьлед грамадзянскай супольнасьці Беларусі ад жніўня 2020 году і да сёньня набыў беспрэцэдэнтны маштаб. Такіх масавых рэпрэсій Беларусь ня бачыла ад моманту здабыцьця незалежнасьці.

На дзень падпісаньня заявы ў Беларусі прызнаныя палітвязьнямі больш за паўтысячы чалавек, прынамсі 1500 знаходзяцца ў турмах і яшчэ тысячы — пад сьледзтвам з палітычна матываванымі абвінавачваньнямі.

Цягам апошняга году амаль 40 000 чалавек былі незаконна затрыманыя і пацярпелі ад катаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG