Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы разумееце, што дзяцей можаце ня ўбачыць?» Гісторыя актывісткі, якая ўцякла зь Беларусі ў Дзень Рэспублікі


Вольга Капланоўская з плякатам у вагоне мэтро, архіўнае фота
Вольга Капланоўская з плякатам у вагоне мэтро, архіўнае фота

Вользе Капланоўскай зь Менску 31 год. Яна гадуе дваіх сыноў — 2-гадовага Марсэля і 12-гадовага Цімура. Трэцяга ліпеня да яе прыйшлі міліцыянты, каб паведаміць пра крымінальную справу. У той жа дзень яна зь дзецьмі зьехала ва Ўкраіну.

«Спачатку ў «Зубры», потым — «Малады фронт»

«Папраўдзе я не навічок у барацьбе супраць рэжыму, ужо 16 гадоў у апазыцыі. У 15 гадоў была ў „Зубрах“, потым — у „Маладым фронце“, пазьней — у „Альтэрнатыве“. Цяпер па мяне прыйшлі, бо яшчэ ўвосень пакінула камэнтар на сваёй старонцы ў „УКантакце“ на адрас Карпянкова, тады начальніка ГУБАЗіКу, і зрабіла перадрук пра супрацоўніка АМАПу зь ягонымі асабістымі зьвесткамі. Гэта было яшчэ ў кастрычніку 2020-га, але прыйшлі толькі 3 ліпеня.

Я хадзіла на маршы, на вялікія і дваровыя, але неяк пазьбягала затрыманьня. Увечары 21 сьнежня мы выходзілі ва Ўруччы са сьцягамі і нас „павязалі“. Мяне цягнулі ў бус так, што выдралі ўсе гафтачкі з футра. І вось тады ўсё пачалося — наезды з усіх літаральна бакоў».

«Вы сацыяльна небясьпечная маці!»

«На момант затрыманьня я была ў дэкрэтным водпуску з Марсэлем. Прыйшлі з паліклінікі правяраць, ці ўсе прышчэпкі зрабілі. Затым з органаў апекі — правяралі лядоўню, ці маюць што есьці дзеці. Нарэшце са школы — дырэктар, сацыяльны пэдагог, клясны кіраўнік. Казалі, што я „сацыяльна небясьпечная“ маці, як я магу выхоўваць дзяцей, калі ўбачылі на маёй старонцы „УКантакце“ інфармацыю пра мой удзел у акцыі ў 2016 годзе, калі я стаяла з плякатам у падтрымку Ўкраіны? (на плякаце было напісана: „Сьмерць крамлёўскім акупантам!“).

Пэдагогі сказалі, як можна даверыць дзяцей такой маці, якая патрабавала сьмерці крамлёўскім акупантам? Дырэктар папярэджваў: „Яшчэ раз такое — і дзяцей у вас ня будзе?“

Потым выклікалі ў пракуратуру — для „прафіляктычнай гутаркі“. Падатковая прыслала ліст, каб я дала справаздачу за 12 гадоў! Тата старэйшага сына дасылаў грошы з Расеі, дзе ён жыве, і каб я сплаціла падатак. Як я яго сплачу? Ныркі прадам, пячонку, валасы састрыгу? Мой „прыбытак“ — дапамога на дзіця да трох гадоў! Карацей, з усіх бакоў ціск. Органы апекі прычапіліся, што ў сына на партфэлі была Пагоня нашытая».

«Што ж вы робіце, злыдні?»

«А 7-й раніцы 3 ліпеня прыйшлі міліцыянты. Заявілі, што я ў кастрычніку абразіла Карпянкова. Пачалося зь ператрусу. Але я чалавек, падрыхтаваны да вобшуку, таму сказала, што ўсё аддам сама. Два тэлефоны я пасьпела схаваць надзейна, а ім аддала ноўтбук, тэлефон і пляншэт — усё нерабочае.

Актывістка Вольга Капланоўская
Актывістка Вольга Капланоўская

На ператрусе панятой была наша суседка. Яна верыць у Бога, таму хадзіла і прыгаворвала: „Што ж вы робіце, злыдні? Што вы творыце, вы ж нашы дзеці!“. Я кажу ёй: „Цёця Люда, маўчыце, бо прыйдуць злыдні і да вас“.

Міліцыянты сказалі, што трэба запісаць відэа, дзе я прашу прабачэньня ў супрацоўнікаў. 13 разоў запісвалі, усё не маглі дабіцца ад мяне шчырасьці. І злаваліся, і казалі, што я мушу гаварыць на відэа шчыра, а ў мяне няшчыра атрымліваецца. Але як я магу сябе прымусіць гаварыць шчыра тое, чаго я насамрэч ня думаю?

Яны ня тое каб пагражалі, але намякнулі, што лепш будзе, калі я „чык-чырык“ з краіны. Абяцалі, што відэа будзе толькі на іх сайце, але яно зьявілася ў тэлеграм-канале, дзе публікуюць усялякі бруд на людзей. І панеслася. Тут жа прыйшлі нейкія і боты, і людзі з адкрытымі профілямі на маю старонку „УКантакце“, пачалі пісаць абразы. Што я дрэнь, што „благая маці, цяпер хадзі і бойся, каб цябе не прыбілі“, шмат усялякіх гадасьцяў напісалі.

Вольга Капланоўская набіла сабе тату з Пагоняй
Вольга Капланоўская набіла сабе тату з Пагоняй

Яшчэ як я папала ў міліцыю, там убачылі маю тату з Пагоняй і сказалі: „На ножык, зьдзірай тату, бо ў цябе там фашысцкая Пагоня“. Як, калі Пагоня стала фашысцкай?».

«Сабралася і паехала ва Ўкраіну»

«Вырашыла ехаць у той жа дзень, калі дапытвалі мяне, 3 ліпеня. Спакавала рэчы, схапіла дзяцей і паехалі. Не без прыгод, зразумела. Добрыя людзі дапамаглі з жытлом. Буду шукаць садок меншаму, школу старэйшаму і мне працу. Шкада, безумоўна, што давялося ехаць. Там маці засталася адна. Але я выдатна разумею: магла сесьці ў турму і застацца безь дзяцей, а яны бяз маці.

На маёй памяці былі і Плошча-2006, і Плошча-2010, але то былі такія маленькія „майданчыкі“. У 2020 годзе людзі выйшлі рэальна вялікай колькасьцю, сотнямі тысяч. Але цяпер усе страшна запалоханыя, баяцца ўсяго...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG