Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарку Наваградка аштрафавалі на 2900 рублёў, бо патрымала сьцяг на загад міліцыі


Ірына Трафімік, архіўнае фота
Ірына Трафімік, архіўнае фота

Жыхарку Наваградка Ірыну Трафімік асудзілі, бо яна ўзяла ў рукі бел-чырвона-белы сьцяг, калі яе папрасіў міліцыянт. Прысуд вынес суд Дзятлаўскага раёну 8 ліпеня.

Суд Дзятлаўскага раёну Горадзенскай вобласьці прызнаў Ірыну Трафімік вінаватай у незаконным пікетаваньні зь лёзунгамі 19 чэрвеня, калі яна адпачывала ў лесе ля ракі Моўчадзь, паблізу вёскі Баравікі Дзятлаўскага раёну.

Паводле пратаколу, жанчына «публічна дэманстравала сьцяг бел-чырвона-белай афарбоўкі, які быў у яе руках, пры гэтым выгуквала лёзунг „Жыве Беларусь!“».

Ірына віны не прызнала. Яна расказала, што прыехала пакупацца. Неўзабаве на месца адпачынку прыехаў міліцыянт, бо на адным з намётаў каля ракі нехта ўстанавіў бел-чырвона-белы сьцяг.

Выявілася, што сьцяг належыць жыхару Наваградка Віктару Мацкевічу. Яго затрымалі за гэта і асудзілі на 30 дзён арышту.

Побач з намётамі нехта паставіў яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг. Каму ён належаў, ня высьветлілі. Міліцыянт папрасіў Ірыну Трафімік, якая стаяла побач, аднесьці сьцяг у машыну міліцыі. Тая так і зрабіла. Калі яна брала сьцяг у рукі, сказала: «Жыве Беларусь». У той момант да яе прэтэнзій у міліцыі не было.

Ірыну затрымалі празь некалькі дзён на судзе ў Мацкевіча, калі яна абуралася тым, якія паказаньні даюць сьведкі-міліцыянты ў судзе. Праз гэта ў яе ўзьнік канфлікт з намесьнікам начальніка Дзятлаўскага РАУС Уладзімерам Сьвятохам. Тады Трафімік даведалася, што яе вінавацяць у «незаконным пікетаваньні».

Ірына Трафімік — маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Раней яе звольнілі з працы на «Водаканале» пасьля ранейшага суду за «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG