Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сусьветнай арганізацыі здароўя паведамілі пра старт трэцяй хвалі COVID-19


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гендырэктар арганізацыі заявіў, што сьвет знаходзіцца на пачатковай стадыі трэцяй хвалі, ёсьць шмат праблем з вакцынацыяй і новым штамам.

Гендырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус прывёў зьвесткі, што колькасьць новых выпадкаў COVID-19 на ўсёй плянэце расьце чацьвёрты тыдзень запар, пасьля дзесяці тыдняў зьніжэньня зноў стала павялічвацца колькасьць сьмерцяў ад вірусу.

«Варыянт „дэльта“ прысутнічае цяпер у 111 краінах, і мы чакаем, што неўзабаве ён стане дамінантным штамам ва ўсім сьвеце, калі яшчэ ня стаў. Мы бачым, як краіны зьмякчаюць абмежаваньні на міжнародныя паездкі, але нацыянальная палітыка ўліку статусу падарожнікаў застаецца нескаардынаванай», — сказаў кіраўнік САЗ.

Гебрэесус таксама паскардзіўся на «шакавальную дыспрапорцыю ў глябальным разьмеркаваньні вакцын», ад чаго большая частка насельніцтва Зямлі застаецца ўразьлівай да інфэкцыі.

«Я заклікаў да масавай вакцынацыі як мінімум 10% насельніцтва кожнай краіны да верасьня, як мінімум 40% да канца 2021 году і як мінімум 70% да сярэдзіны наступнага году. Дзеля дасягненьня гэтых мэтаў нам трэба 11 мільярдаў дозаў вакцыны», — паведаміў кіраўнік САЗ.

Эўракамісія паведамляла пра пачатак трэцяй хвалі пашырэньня каранавірусу ў Эўропе яшчэ ў сярэдзіне сакавіка.

Ва ўсім сьвеце выяўлена больш за 187 мільёнаў хворых на COVID-19, больш за 4 мільёны чалавек памерлі. У Беларусі афіцыйная статыстыка крытыкуецца незалежнымі экспэртамі ў мэдыцыне, якія заяўляюць, што лічбы рэальнай сьмяротнасьці і захворваньняў папраўдзе значна перавышаюць дадзеныя, якія публікуюць улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG