Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набэлісткі Алексіевіч і Такарчук сустрэнуцца ва Ўроцлаве на дыскусіі з гледачамі


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ва Ўроцлаве, верасень 2020
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ва Ўроцлаве, верасень 2020

Ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і Вольга Такарчук возьмуць удзел у дыскусіі з гледачамі 15 ліпеня на Нацыянальным музычным форуме ва Ўроцлаве.

Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza, адзначаючы, што бясплатныя квіткі на сустрэчу, якія трэба было атрымаць асабіста (адзін чалавек мог атрымаць максымум два квіткі), разышліся за некалькі гадзін.

«Хоць сустрэча анансуецца як „літаратурная падзея году“, безумоўна, яна будзе шырэйшай, — адзначае Gazeta Wyborcza. — У эпоху пандэміі і часу ўяўнай стабілізацыі, а таксама ва ўмовах экалягічнай катастрофы можна чакаць размовы пра асноўныя праблемы, узьнятыя абедзьвюма аўтаркамі ў сваіх творах. Пра гэта таксама сведчыць падбор вядоўцаў. Зь пісьменьніцамі будуць размаўляць журналістка Маніка Алейнік і філёзаф Магдалена Сьрода. Будуць абмяркоўвацца пытаньні правоў жанчын, можна чакаць пытаньняў пра палітыку Польшчы і Беларусі, пра аўтарытарныя і папулісцкія памкненьні ў нашых краінах і ў сьвеце».

Арганізатары абвяшчаюць, што гэта будуць «дэбаты паміж двума бясспрэчнымі мастацкімі і інтэлектуальнымі аўтарытэтамі, словы якіх могуць зьмяніць рэальнасьць, выказваньні якіх уважліва слухаюцца і шырока камэнтуюцца, голас якіх гучыць моцна і выразна».

Сустрэча пачнецца ў 17:30, яе інтэрнэт-трансьляцыі будзе даступная на вэбсайтах і ў сацыяльных сетках арганізатараў (горад Уроцлаў, Уроцлаўскі дом літаратуры, Фонд Вольгі Токарчук), а таксама на сайце газэты wroclaw.wyborcza.pl.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG