«Сёньня Нарвэгія далучылася да новых сэктаральных санкцый ЭЗ супраць Беларусі ў адказ на сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, якія робяцца ўладамі краіны», — сказала міністар замежных спраў Нарвэгіі Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ 12 ліпеня.
Ва ўрадавым прэс-рэлізе адзначаецца пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з прычыны арышту актывістаў апазыцыі, перасьледу праваабаронцаў і спробаў прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ.
Паводле Эрыксэн Сёрэйдэ, сэктаральныя санкцыі дэманструюць рашучасьць Нарвэгіі і яе эўрапейскіх партнэраў жорстка рэагаваць на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Рэжым павінен вызваліць палітвязьняў і пачаць дыялёг з дэмакратычнымі сіламі, а не працягваць правальную палітыку, лічыць міністар.
Згодна з дакумэнтам, уводзіцца забарона на прамы або апасродкаваны продаж, пастаўку, перадачу і экспарт цэлага спэктру абсталяваньня, тэхналёгій і праграмнага забесьпячэньня.
Абмежаваньні ўводзяцца на прадукцыю і тэхналёгіі двайнога прызначэньня, калі яны цалкам або часткова прызначаныя для выкарыстаньня ці могуць быць выкарыстаныя ў вайсковых мэтах.
Забаронена прадаваць, пастаўляць, перадаваць і экспартаваць тавары для вытворчасьці тытунёвай прадукцыі.
Уводзіцца забарона на імпарт і транспартаваньне нафтапрадуктаў, якія былі зробленыя ў Беларусі ці экспартаваныя з краіны.
Забароненыя прамы або ўскосны імпарт, купля ці перадача хлёрыстага калію, мінэральных або хімічных угнаеньняў, якія зьмяшчаюць калій, азот, фосфар.
Варта адзначыць, што, паводле рашэньня Рады ЭЗ, забароны, якія тычацца тавараў двайнога прызначэньня, нафтапрадуктаў, угнаеньняў і тытунёвай прадукцыі, не распаўсюджваюцца на выкананьне кантрактаў, падпісаных да 25 чэрвеня 2021 году.
Забараняецца аказваць паслугі ў сфэры інвэстыцый, апэрацыяў з каштоўнымі паперамі, крэдытаў, страхаваньня, зьвязаныя зь дзяржаўнымі органамі.
6 ліпеня стала вядома, што Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Альбанія, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, далучыліся да чацьвёртага пакету санкцый ЭЗ у дачыненьні да беларускіх уладаў (ухвалены 21 чэрвеня). У санкцыйны сьпіс трапілі 78 фізычных і восем юрыдычных асоб.
30 чэрвеня Святлана Ціханоўская ў размове з Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ заклікала Нарвэгію падтрымаць чацьвёрты і сэктаральны пакеты санкцый ЭЗ.
Сэктаральныя санкцыі, ухваленыя 24 чэрвеня, сталі адказам Эўразьвязу на парушэньні правоў чалавека ў краіне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманьне Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, якія знаходзіліся на борце.