Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская міністарка: Ужо 43 беларускія ІТ-кампаніі знайшлі бізнэс-прытулак у Літве


Беларускі сьцяг на будынку віленскага самакіраваньня
Беларускі сьцяг на будынку віленскага самакіраваньня

Нямецкая газэта Die Welt пагаварыла зь міністрам эканомікі і інавацыяў Літвы Аўшрыне Арманайце.

Падаем фрагмэнты інтэрвію, якія датычаць Беларусі:

— Ваша краіна зрабіла незвычайны для Эўразьвязу крок: вы ня толькі даяце палітычнае прыстанішча людзям з суседняй Беларусі, якіх перасьледуюць за іх палітычныя перакананьні, але і своеасаблівы бізнэс-прытулак для кампаніяў, якія хочуць пакінуць Беларусь. Чаму так адбылося?

— На нас як на суседнюю краіну моцна ўплывае тое, што адбываецца ў Беларусі. І не таму, што гэта нешта прынцыпова новае: ужо 10 гадоў таму, яшчэ быўшы студэнткай, я разам з многімі сваімі калегамі-студэнтамі пратэставала супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У адрозьненьне ад таго часу, цяпер у Беларусі ёсьць новае пакаленьне, якое вельмі актыўна паўстае супраць дыктатуры. Гэта нас вельмі натхняе, і мы хочам дапамагчы. Так, мы нядаўна прынялі папраўкі да закону, якія аблегчаць магчымасьць асталявацца тут кампаніям з трэціх краін, з-за межаў ЭЗ. Запрашэньне адрасавана ня толькі беларускім кампаніям, але ў гэты момант — асабліва ім.

— Як гэта канкрэтна выглядае на практыцы?

— Папраўкі прадугледжваюць, што кампаніі, якія жадаюць прыехаць сюды, без дадатковых працэдур змогуць перасяляць сюды сваіх супрацоўнікаў і іх сем’і. Попыт высокі. Да гэтага часу ўжо 43 беларускія кампаніі пайшлі на гэты крок, і яшчэ каля сотні выказалі сваю зацікаўленасьць. Да гэтага часу найбольш запытаў паступіла ад індустрыі ІТ і гульняў. Мы ўжо сталі новым домам для найбуйнейшага беларускага стартап-цэнтру, які аб’ядноўвае 250 маладых кампаній.

— «Адток мазгоў»​, магчыма, яшчэ больш аслабіць беларускую эканоміку. Вы сапраўды імкняцеся да такой дэстабілізацыі?

— Мы разглядаем нашу прапанову як пэўную форму наданьня прытулку. Але прытулак — гэта не доўгатэрміновае рашэньне. Калі б сытуацыя ў Беларусі палепшылася, большасьць гэтых кампаній зноў вярнулася б на радзіму. Гэта таксама важна для нас, і мы хочам мець дэмакратычнага і эканамічна пасьпяховага суседа. Аднак мы цяпер вельмі занепакоеныя тым, што адбываецца ўсяго за 50 км ад вонкавай мяжы ЭЗ.

— Рэагуючы на прымусовую пасадку самалёта, калі быў затрыманы журналіст і актывіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, ЭЗ нядаўна ўзмацніў санкцыі ў дачыненьні да краіны. Ці дастаткова гэтага?

— Санкцыі — эфэктыўны сродак. Зразумела, Літва таксама адчуе наступствы, мы невялікая і адкрытая эканоміка і маем шмат дзелавых зносін зь Беларусьсю. Аднак важна працягваць ціск, каб сытуацыя там урэшце зьмянілася.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG