Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліставаньне з палітвязьнямі — новая форма беларускага «тэрарызму»?


Ліст ад палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, архіўнае фота
Ліст ад палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, архіўнае фота

Ва ўнівэрсытэце ў мяне быў курс бібліятэказнаўства, і залік трэба было здаваць празь некалькі дзён пасьля Плошчы-2010. Нам прапанавалі напісаць эсэ, якімі мы бачым бібліятэкі праз 10 гадоў. Я напісала, што тады бібліятэкі будуць толькі ў турмах, бо ўсе прыстойныя людзі будуць сядзець. Наступныя дзевяць гадоў я лічыла гэты свой учынак праявай юнацкага максымалізму, але, як аказалася, амаль не памылілася.

І, як гэта звычайна і бывае, рэальнасьць аказалася яшчэ больш жорсткай за фантазіі: у 2021 годзе мала таго, што турэмныя бібліятэкі сталі надзвычай папулярнымі, дык мы набліжаемся да прызнаньня перапіскі са зьняволенымі тэрарыстычным актам. Менавіта паводле «тэрарыстычнага» артыкулу затрымалі Сяргея Барысава — адміністратара суполкі «Письма солидарности». Паводле невядомага пакуль артыкулу затрымалі і Ільлю Міронава, які напісаў больш за 2 тысячы лістоў палітвязьням. Гэта ня проста чарговыя затрыманьні чарговых актывістаў, а заява пра пераход на новы ўзровень рэпрэсій.

Даволі лягічна, што гэтыя затрыманьні адбываюцца адначасова з новай зачысткай незалежных СМІ, бо ў абодвух выпадках улады працуюць на адну і тую ж мэту — імкнуцца стварыць інфармацыйны вакуўм. СМІ не павінны даваць праўдзівую інфармацыю адразу вялікай колькасьці людзей, а для надзейнасьці трэба максымальна зьнішчыць і індывідуальны распаўсюд.

Пазбавіць палітвязьняў інфармацыі звонку — стандартная форма зьдзеку ў беларускіх ізалятарах і турмах. Але раней улады абмяжоўваліся тым, што проста не перадавалі частку лістоў з волі, а цяпер перайшлі на новы ўзровень — затрымалі чалавека, які дапамагаў каардынавацца людзям, якія пішуць палітвязьням. Мо цэнзары там стамляюцца ад вялікіх аб’ёмаў працы ці так начыталіся лістоў, што сталі пераходзіць на бок народа. Але ж больш верагодна, што так улады хочуць запалохаць яшчэ большую колькасьць людзей і забараніць нават ня форму супраціву, а праяву салідарнасьці.

І яны абавязкова вылучаць супраць Сяргея Барысава і Ільлі Міронава нейкія абсалютна абсурдныя абвінавачаньні, а мы чарговы раз зьдзівімся сваёй здольнасьці працягваць зьдзіўляцца гэтаму абсурду. І потым яны прыдумаюць нешта яшчэ больш абсурднае. Напрыклад, заявяць, што ліставаньне з палітвязьнямі — гэта арганізацыя пратэстаў, а грашовыя пераводы на іх рахункі — гэта фінансаваньне рэвалюцыі. Арыштуюць усіх супрацоўніц Белпошты за саўдзел у злачынстве, забароняць паперу, закрыюць школы і забароняць вучыць дзяцей чытаць і пісаць, — ад іх можна чакаць любых рашэньняў.

Цяпер жа затрыманьнем Барысава і Міронава ўлады спрабуюць забіць адразу двух зайцаў — і запалохаць людзей на волі, і яшчэ больш узмацніць інфармацыйную блякаду палітвязьняў. Ці даб’юцца яны свайго? Цалкам магчыма. Але ці падвысяць гэтыя новыя праявы тэрору рэйтынг Лукашэнкі? Адназначна не.

Магчыма, ідэолягі і праўда думаюць, што запужваньнем можна дабіцца ляяльнасьці, і што пасьля чарговай зачысткі людзі падумаюць «ну, цяпер я дакладна за Лукашэнку!», але гэта ж так не працуе. Супраціў будзе мяняць фарматы і, магчыма, зьнешне будзе пэрыядычна зусім заціхаць, але народная нянавісьць ужо нікуды не зьнікне.

Пасьля таго, як Акрэсьціна стала месцам масавых катаваньняў, старонку ўжо немагчыма перагарнуць — яна ўсё больш прасякае крывёй скалечаных. І чым больш людзей трапляе пад гэты каток рэпрэсій, тым мацнейшай становіцца народная нянавісьць. А абвінавачваньне ў тэрарызьме цяпер — гэта, можна сказаць, прызнаньне заслуг перад Радзімай. Своеасаблівы знак якасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG