Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У журналіста Пачобута, які праходзіць у «польскай справе», скончыўся карантын па каранавірусе


Партрэт Андрэя Пачобута на плякаце ў Варшаве
Партрэт Андрэя Пачобута на плякаце ў Варшаве

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Аксана Пачобут.

Пра хваробу Анджэя Пачобута стала вядома 11 чэрвеня. Тэст на каранавірус яму зрабілі 16 чэрвеня. Пасьля гэтага ён знаходзіўся на карантыне.

«Анджэй перадаў вялізарную падзяку за лісты, якія да яго прыйшлі. У яго лісты ня бралі цэлы месяц», — напісала Аксана Пачобут у фэйсбуку.

Увесь час карантыну адвакат ня мог наведваць палітвязьня. Апошні ліст, які прыйшоў жонцы ад Анджэя, датаваны 8 чэрвеня. Там ён пісаў, што самаадчуваньне пагаршаецца, зьбіваецца сардэчны рытм.

Анджэй Пачобут зьняволены ўжо тры месяцы ў «польскай справе». Яму пагражае да 12 гадоў калёніі за «распальваньні варожасьці». Яму прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на выезд зь Беларусі. Ён адмовіўся. У Анджэя хворае сэрца, раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.

Хто такі Анджэй Пачобут

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.

У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG