Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў адмовіўся даць інфармацыю пра здароўе Анджэя Пачобута


Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Дзяржаўны орган спаслаўся на мэдычную тайну, але запэўніў, што Пачобут пад дынамічным наглядам лекараў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў прасіла Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў шпіталізаваць зьняволенага журналіста Анджэя Пачобута, які ў турме захварэў на COVID-19, а да таго ж мае праблемы з сэрцам.

Кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Менску і Менскай вобласьці адказала БАЖ, што «пакідае зварот без разгляду», бо аб’яднаньне нібыта ня мае паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы журналіста.

А вось Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў (ДВП) адказаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, што зьвесткі пра стан здароўя пацыентаў зьяўляюцца «мэдычнай тайнай».

Таксама ДВП паведамляе, што «мэдычная дапамога спэцкантынгенту ажыцьцяўляецца на падставе дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя». Разам з тым Дэпартамэнт напісаў, што зьняволены журналіст Анджэй Пачобут знаходзіцца пад «дынамічным наглядам» мэдыкаў папраўчай установы «Турма № 8» у Жодзіне.

Родныя Пачобута даведаліся пра хваробу журналіста некалькі тыдняў таму. Цяпер стан здароўя Анджэя Пачобута нібыта палепшыўся. Пасьля лячэньня і правядзеньня паўторнага тэсту яго мусяць вярнуць у агульную камэру.

25 сакавіка сёлета дадому да Анджэя Пачобута ў Горадні прыйшлі зь ператрусам, а яго затрымалі. Пачобут зьяўляецца фігурантам «польскай справы», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG