Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды берасьцейскім блогерам Пятрухіну і Кабанаву набылі моц. Іх адпраўляюць у калёніі


Блогеры Пятрухін і Кабанаў
Блогеры Пятрухін і Кабанаў

Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальненьня апэляцыйныя скаргі асуджаных на 3 гады зьняволеньня блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.

Неўзабаве палітзьняволеных адправяць у месцы адбываньня пакараньня: Сяргея Кабанава – у папраўчую калёнію №1 у Наваполацку, Сяргея Пятрухіна – у калёнію №3 («Віцьба») пад Віцебскам.

Пакуль жа яны застаюцца ў сьледчым ізалятары Магілёва. На волю маюць выйсьці праз паўтара гады, бо згодна з пастановаю судовай калегіі 1 дзень праведзены імі пад вартай ад затрыманьня да разгляду апэляцыі адпавядае 1,5 дням.

На разглядзе апэляцыяў абвінавачаных не было. Хадайніцтва аб прысутнасьці Кабанава судовая калегія па крымінальных справах не задаволілі. Інтарэсы абвінавачаных прадстаўлялі адвакаткі Галіна Азоліна і Ірына Тачкар.

У сваіх выступах яны акцэнтавалі ўвагу судовай калегіі на шэрагу парушэньняў нормаў працэсуальнага права, дапушчаных судом Кастрычніцкага раёну Магілёва. На іхную думку неабгрунтаванае выдаленьне падабаронных з судовага пасяджэньня да канца працэсу недазволіла ўсебакова разгледзець справу ды пазбавіла абвінавачаных законнага права на абарону.

Таксама, казалі адвакаткі, суд не дапытаўшы Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча ды іншых асобаў, якія фігуруюць у справе, таксама не дазволіў ўсебакова яе разгледзець. Паводле іх высновы суду не адпавядаюць матэрыялам справы. Яны прасілі спыніць вытворчасьць па справе, а прысуд адмяніць.

Паводле абвінавачаньня, Пярухін і Кабанаў ў змове зь Сяргеем Ціханоўскім ды Мікалаем Статкевічам ажыцьцяўлялі «ўзгодненую і мэтанакіраваную дзейнасьць у стварэньні напярэдадні выбараў 2020 году грамадзка-палітычнай напружанасьці», рэалізоўвалі пляны арганізацыі пратэставага руху пад выглядам пікетаў, зьбіраньня подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты.

У абвінавачаньні гаварылася, што абвінавачаныя рэалізоўвалі стратэгію зьмены ўлады Мікалая Статкевіса. Іхныя дзеяньні прывялі да перашкоды працы грамадзкага транспарту і прадпрыемстваў, а наступствы адчуваліся, нават калі іх затрымалі.

Прадстаўніца абвінавачваньня назвала апэляцыйныя скаргі абвінавачаных і довады адвакатаў неабгрунтаванымі. Віна Кабанава і Пятрухіна, паводле яе, даказаная матэрыяламі справы, а абвінавачваньне кваліфікаванае слушна.

14 красавіка ў Кастрычніцкім судзе Магілёву іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Пятрухін асуджаны яшчэ за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).

Кожны зь іх таксама мусяць выплаціць па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле сьледзтва, зьняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

Віны ў інкрымінаваных злачынствах падсудныя не прызналі, але патлумачыць тады сваю пазыцыю на судзе ім не ўдалося. Зь першага судовага пасяджэньня іх выдалілі з залі за парушэньне парадку і больш ім не дазволілі прысутнічаць на працэсе, нават выступіць з апошнім словам. Прадстаўніца абвінавачваньня назвала выдаленьне абвінавачаных абгрунтаваным. Паводле іхныя інтарэсы баранілі кваліфікаваныя адвакаты.

Адвакаты Пятрухіна і Кабанава настойвалі, што іхная віна не даказаная і трымаецца на меркаваньнях. Яны даводзілі падчас разгляду справы ў раённым судзе, што падабаронныя дзейнічалі ў межах правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, і заклікалі судзьдзю Вольга Краўчанку «прыняць апраўдана сьмелае і законнае рашэньне з вынясеньнем апраўдальнага прысуду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG