Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Быў у чаце ОГСБ». Да віцябляніна прыйшоў КДБ з нагоды «тэрарызму» і выбуху на вузьле сувязі ў Вялейцы


Кірыла Бародзіч.
Кірыла Бародзіч.

31-гадовы Кірыла Бародзіч разам з грамадзянскай жонкай Станіславай Цярэнцьевай былі вымушаны ўцякаць за мяжу.

Да маладога чалавека прыйшоў КДБ з нагоды «тэрарызму» і магчымага ўдзелу ў «падрыве вузла сувязі ў Вялейцы».

Што здарылася

Напярэдадні Дня Рэспублікі Лукашэнка заявіў, што ў краіне праведзена маштабная «антытэрарыстычная» спэцапэрацыя, затрымалі асобаў, нібыта датычных да плянаў забіць прапагандыста Азаронка і падрыхтоўкі выбуху на вузьле сувязі ў Вілейцы. Пазьней дзяржаўныя каналы тэлевізіі распаўсюдзілі відэа зь меркаваным замахам на жыцьцё Азаронка і людзьмі, затрыманымі за «падрыхтоўку выбуху ў Вялейцы». Былі названыя некаторыя прозьвішчы, у тым ліку Аляксея Глотава, жыхара Буда-Кашалёўскага раёну. Пра яго пісала «Наша ніва».

Акцэнт у прамове Лукашэнкі, а ўсьлед за ім — і ў дзяржаўных СМІ, рабіўся на тэлеграм-чаце «ОГСБ» (Отряды гражданской самообороны«). Маўляў, адміністратар чату, грамадзянін Нямеччыны, раздаваў указаньні беларусам рабіць розныя тэрарыстычныя дзеяньні і дывэрсіі.

Пры чым тут Кірыла Бародзіч зь Віцебску

«Да мяне дахаты каля 18 гадзін 3 ліпеня прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Бабуля адчыніла ім дзьверы, а я не пасьпеў выключыць кампутар і тэлефон, там быў адкрыты Telegram. Мне патлумачылі, што нейкі грамадзянін Аляксей Глотаў (я яго ня ведаю, першы раз чую) даў паказаньні на мяне. Што нібыта я датычны да падрыхтоўкі выбуху ў Вялейцы. Забралі ўсю тэхніку — кампутары, флэшкі, тэлефоны, а мяне павезьлі на допыт у КДБ», — расказаў Свабодзе Кірыла.

Яшчэ пры ператрусе забралі магніт у форме сэрца на бел-чырвона-белым фоне, вымпел зь бел-чырвона-белым сьцягам і дакумэнты, датычныя дзейнасьці сяброўкі Кірыла, вядомай віцебскай актывісткі Станіславы Цярэнцьевай.

«У КДБ пыталіся, ці я быў у чаце „ОГСБ“, я адказаў, што так (бо тэхніку забралі, там жа відаць, дзе я быў). Пыталіся, ці даваў мне адміністратар чату нейкія ўказаньні, ці казаў рабіць схованкі, ці плаціў мне грошы, ці знаёмы я з Глотавым. Я шчыра адказаў, што я не пісаў у чат, не перапісваўся ні з кім, не атрымліваў указаньняў. Быў у чаце проста дзеля інфармацыі. А калі дакладней, то для таго, каб, калі там нешта заплянуюць, быць як мага далей ад таго месца. У чаце быў гармідар, там пісалі па 600 і нават па 2 тысячы паведамленьняў. Я адкрываў, прагортваў і закрываў іх», — патлумачыў жыхар Віцебску.

Ён кажа, што пры ператрусе супрацоўнікі КДБ фатаграфавалі ўсе паперы, датычныя дзейнасьці Станіславы.

Што цяпер

Ноччу 4 ліпеня Кірыла са Станіславай вырашылі ўцякаць з краіны. «Ехалі „на сабаках“ праз Расею ва Ўкраіну. Бо калі ты чуеш словы „тэрарызм“ ці „падрыхтоўка выбухаў“, то, хоць ты можаш сто разоў мець рацыю, але яе не дакажаш аніяк, калі будзеш сядзець у турме. Кірыла наогул ні ў чым такім ня быў замешаны, і я зьдзівілася, што прыйшлі да яго, звычайна міліцыя па мяне прыходзіць», — зазначыла Станіслава.

Цяпер яны шукаюць працу ў Кіеве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG