Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт шукаў палітвязьня Паўла Севярынца па месцы прапіскі бацькоў


Тацяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, архіўнае фота

Да бацькоў палітыка Паўла Севярынца па месцы ягонай віцебскай прапіскі прыйшла прадстаўніца Сьледчага камітэту. Пры тым, што вязень больш за год знаходзіцца за кратамі, а ня так даўно асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня.

Як паведаміла Тацяна Севярынец у Facebook, прадстаўніца ведамства заявіла, што мае даручэньне апытаць яе сына пра акалічнасьці крымінальнай справы за абразу супрацоўніка ДАІ, якую расьсьледуюць у Ганцавічах.

Абраза была віртуальнай, у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», удакладніў у камэнтары для «Радыё Рацыя» бацька палітыка Канстанцін Севярынец.

«Ёсьць запрос у Сьледчы камітэт дапытаць Паўла, бацькоў, суседзяў пра тое, што ў жніўні мінулага году недзе ў ваколіцах Ганцавічаў нехта прынізіў гонар і годнасць „даішніка“. У сябрах у гэтага чалавека ў сацсетках ёсьць і Павал. Сьледчы камітэт не зьбянтэжыла тая акалічнасьць, што ў жніўні мінулага году Павал ужо два месяцы як быў пад вартай — яго затрымалі яшчэ ў чэрвені. Сьледчая ня ведала і таго, што ён і цяпер за кратамі, і што яго нядаўна асудзілі».

Тацяна Севярынец абураецца тым, наколькі недасьведчаныя людзі працуюць у Сьледчым камітэце.

«Я была настолькі абураная, што нават спыталася: як і дзе вы жывяце, зь якой шкарлупкі вылезьлі? Не магу даць веры, каб людзі, якія працуюць у Сьледчым камітэце, да такой ступені былі ня ў курсе падзеяў у краіне! Я так і сказала: хапайце свае дыплёмы і ўцякайце адтуль, пакуль ня ўлезьлі па вушы і не запэцкаліся!»

Жанчына таксама нагадала сьледчай, што летась група актывістаў паскардзілася на абразы з боку Аляксандра Лукашэнкі, калі ён зьневажаў сваіх апанэнтаў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Тады ім адказалі, што ўсё было сказана «на эмоцыях», таму не зьяўляецца абразай.

Выглядае, што для іншых грамадзянаў Беларусі прынцып «сказаў на эмоцыях» ня дзейнічае, падсумавала Тацяна Севярынец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG