Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі спрагназаваў рызыкі для эканомікі ад заходніх санкцый


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Галоўны ўваход.

Нацыянальны банк Беларусі прааналізаваў магчымыя наступствы ад вонкавых пагрозаў для беларускай эканомікі.

Раней рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s апублікавала рэліз, у якім адзначыла ўзрастаньне ступені нявызначанасьці і павышаныя рызыкі для фінансавай стабільнасьці Беларусі.

«Выклікі, у якіх функцыянуе фінансавы сэктар, значныя і істотна ўзрасьлі»,— прызнаў у інтэрвію БелТА намесьнік старшыні Нацбанку Дзьмітры Калечыц.

Да рызык ён аднёс:

  • Асноўныя зьвязаны з крэдытнай рызыкай і рызыкай ліквіднасьці.
  • Шокі нэгатыўна адбіліся на стане прадпрыемстваў рэальнага сэктару, абмежавалі іх магчымасьці ў абслугоўваньні сваіх абавязаньняў.
  • Высокі ўзровень валютызацыі актываў і пасіваў банкаўскага сэктару таксама ёсьць значнай рызыкай для фінансавай стабільнасьці краіны.
  • Вырас узровень замежнага доўгу.
  • Істотным выклікам стала парушэньне ашчаднага працэсу, што суправаджалася павышаным попытам на замежную валюту і абумовіла ціск на рублёвую ліквіднасьць банкаў.

Банкір прызнаў, што санкцыі адаб’юцца на стане фінансавага сэктару: «Сапраўды, гэтыя меры будуць мець пэўны ўплыў на фінансавы сэктар».

Сярод магчымых наступстваў ён назваў:

  • Гэтыя меры будуць мець пэўны ўплыў на фінансавы сэктар. Можна чакаць, што ў пэрспэктыве крыху паменшацца аб’ёмы беларускага экспарту і, адпаведна, аб’ёмы валютнай выручкі.
  • Улічваючы высокую імпартаёмістасьць беларускай эканомікі, зьнізіцца і імпарт.
  • У сукупнасьці ўплыў гэтага шоку на збалянсаванасьць замежнага гандлю будзе ўмераным і расьцягнутым у часе.
  • У пэўнай ступені зьнізяцца магчымасьці для прыцягненьня замежнага фінансаваньня.
  • Найбольш моцна гэта можа закрануць сфэру замежнага дзяржаўнага доўгу, дзе захоўваецца патрэба ў рэфінансаваньні досыць вялікіх аб’ёмаў запазычанасьці.

Дзьмітры Калечыц лічыць, што можна чакаць узмацненьня ціску на валютны рынак. Аднак з улікам інэрцыйнасьці эканамічных працэсаў гэта не адбудзецца за адзін раз, эфэкты ад вонкавых шокаў будуць праяўляцца паступова. Разам з тым, акрамя непасрэднага ўзьдзеяньня праз каналы замежнага гандлю і плацежнага балянсу ў цэлым, наступствы ад абмежавальных захадаў могуць ўзмацніцца за кошт таго, што да вонкавых дададуцца ўнутраныя фактары.

Паколькі нэгатыўныя чаканьні застаюцца падвышанымі, захоўваецца адток сродкаў фізычных асобаў з банкаўскай сыстэмы, а таксама попыт на замежную валюту на ўнутраным рынку. Гэта ня лепшым чынам адбіваецца на рэсурсах фінансавых арганізацый і іх магчымасьцях крэдытаваньня эканомікі. У выніку дадатковых шокаў такія чаканьні могуць яшчэ больш павялічыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG